Прадстаўнік ПВК «Вагнер» у Пермі распавёў, што група стала падраздзяленнем Расгвардыі, ім кіруе Павел Прыгожын, сын заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына і яго адзіны спадчыннік.

«Набіраем тых, хто ўжо мае баявы вопыт, у тым ліку ўжо ўваходзіў у склад ПВК», — распавёў суразмоўца выданню 59.ru. Паводле яго слоў, аплата складзе ад 80 тысяч да 240 тысяч расійскіх рублёў у залежнасці ад месца, дзе будуць служыць найміты. Тэрмін кантракта — ад шасці месяцаў.

Крыніца Ngs.ru ў новасібірскім офісе групы Вагнера паведаміла 1 лістапада, што набор вядзецца ўжо «два-тры дні». Паводле яго слоў, «пакуль судзімых, хворых не бяруць».

Першыя паведамленні аб тым, што ПВК аднаўляе набор, зʼявіліся 27-28 кастрычніка ў тэлеграм-каналах, звязаных з групай, а таксама ў чатах сваякоў байцоў ПВК.

Як пісалі «Важныя гісторыі», набор адкрылі для тых, хто раней не ўдзельнічаў у вайне ва Украіне, а таксама людзей, якія не служылі ў войску, і людзей з ВІЧ і гепатытам.

У тэлеграм-каналах, звязаных з ПВК, адзначаюць, што ў групу не стануць прымаць былых наймітаў, якія перайшлі пасля мяцяжу Прыгожына ў Мінабароны РФ.

Вярбоўшчык ПВК казаў «Важным гісторыям», што прадстаўляе «адзіны атрад, у якога ёсць афіцыйны дагавор з Расгвардыяй. Па даных выдання, перамовы аб пераходзе наймітаў у Расгвардыю вялі Павел Прыгожын і камандзір ПВК Вагнера Антон (Лотас) Елізараў.

Дзярждума 17 кастрычніка прыняла ў першым чытанні законапраект, які дазваляе Расгвардыі ствараць «добраахвотніцкія фарміраванні». СМІ дапускалі, што ў склад «добраахвотніцкіх фармаванняў» Расгвардыі могуць уліцца найміты ПВК «Вагнер». Адзін з аўтараў законапраекта, дэпутат Аляксандр Хінштэйн сцвярджаў, што дакумент «не мае нічога агульнага» з інфармацыяй аб пераводзе былых падраздзяленняў ПВК «Вагнер» у склад Расгвардыі.

Клас
0
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
5