Шведскія паліцэйскія. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Wikimedia Commons
Шведскае выданне Dagens Nyheter выпусціла расследаванне, у якім сцвярджае, што выявіла шырокую і сістэматычную ўцечку сакрэтнай інфармацыі з паліцэйскага ўпраўлення. Гэта спрыяла росту злачыннасці.
Як сцвярджае выданне, бандыты знаёміліся з супрацоўнікамі паліцыі праз сайты знаёмстваў і адпаведныя мабільныя дадаткі. Напрыклад, у тындары пошук вёўся па геалакацыі паліцэйскай школы.
Затым заўважаных у тым раёне дзяўчат правяралі па спісах паліцэйскіх школ ці праз інфармацыю ў іх сацыяльных сетках, дзе шмат хто ганарыўся сваёй кар'ерай у паліцыі. З адабранымі такім чынам жанчынамі-паліцэйскімі і стажорамі завязваліся рамантычныя адносіны.
У шэрагу выпадкаў падчас адносін з бандытамі дзяўчаты расказвалі ім ключавыя падрабязнасці расследавання крымінальных спраў.
Расследаванне паказала, што злачынцы выкарыстоўвалі і іншыя метады здабыцця інфармацыі як ад жанчын, так і ад мужчын-паліцэйскіх. Напрыклад, яны шукалі слабыя месцы службоўцаў, такія як набыццё наркотыкаў, і такім чынам «лавілі на кручок» і вербавалі ў якасці інфарматараў.
Яшчэ адным спосабам было выкарыстанне сямейных сувязяў злачынцаў для аказання ціску на членаў сям'і, якія працавалі ў паліцыі.
У расследаванні гаворыцца пра 514 паведамленняў адносна ўцечкі інфармацыі пачынаючы з 2018 года. Як мінімум 30 супрацоўнікаў паліцыі былі вызначаныя ў якасці «рызыкі для бяспекі» і былі звольненыя ці падалі ў адстаўку. У 14 выпадках маюцца пераканаўчыя доказы (у некаторых выпадках і судовыя рашэнні) раскрыцця сакрэтнай інфармацыі.
Як мінімум у чатырох выпадках уцечка інфармацыі спрыяла так званым «атакам помсты» з боку бандытаў, якія скончыліся забойствамі ці раненнямі людзей.
У матэрыяле сцвярджаецца, што злачынныя групоўкі пастаянна сканавалі сваё атачэнне і знаходзілі людзей неабходных для іх прафесій, з якімі ішлі на збліжэнне. У некаторых выпадках выкарыстоўваліся паўнавартасныя схемы вярбоўкі, аналагічныя тым, як вярбуюць шпіёнаў.
Па выніках расследавання паліцыя заявіла, што ўзмоцніць меры бяспекі. У прыватнасці, будуць арганізаваныя трэнінгі па павышэнні дасведчанасці пра рызыкі бяспекі і пра тое, як прадухіліць інцыдэнты.
Чытайце таксама:
Амерыканская паліцыя арыштавала беларускага хакеіста проста падчас матча
Паліцыя Нідэрландаў затрымала 57-гадовага беларуса па падазрэнні ў забойстве іншага беларуса
Брытанская паліцыя імчалася на месца масавага забойства. Аказалася, гэта заняткі ёгай