Навошта патрэбная святочная сервіроўка?

Прыгожа накрыты стол стварае атмасферу, абуджае апетыт, адбіваецца на нашым унутраным стане і настроі. За густоўна накрытым сталом прымаць ежу значна прыемней, ды і смак страў раскрываецца лепш. А дыетолагі гавораць, што сервіроўка дапамагае харчавацца свядома і нават змяняць у лепшы бок харчовыя звычкі. Дарэчы, прыгожа сервіраваць стол можна не толькі на святы!

Падстаўка для яек

Просты, але нечакана стылёвы дэкор — падстаўка для яек з кардоннай упакоўкі. Калі раскласці ў ёй яйкі не ў кожнай ячэйцы, а пакінуць пустыя месцы, да таго ж у некаторыя з іх замест яек пакласці кветачкі, — кампазіцыя будзе выглядаць цікава і дынамічна. Незвычайна ў такіх падстаўках выглядаюць маленькія какедамы з веснавымі цыбульнымі кветкамі.

Велікодныя вяночкі

Сапраўды па-веснавому выглядаюць вяночкі з бярозавых галінак. Яны могуць быць самых розных памераў, іх можна пакласці на стол ці павесіць на сцяну, упрыгожыць кветкамі і рознымі прыроднымі матэрыяламі ці пакінуць як самадастатковы элемент дэкору.

Для таго, каб зрабіць такі вяночак, патрэбныя доўгія бярозавыя галінкі — як гэта робіцца, раней паказвалася на прыкладзе каляднага вянка. Паводле таго самага прынцыпу можна сплесці дэкаратыўнае гняздзечка, пакласці ў яго некалькі пёрак і маленькіх перапёлкавых яек.

Какедама

Какедама — універсальная ідэя. Для велікоднай сервіроўкі найбольш эфектныя какедамы — з цыбульных кветак. Цыбулінка ўжо мае ў сабе ўсе неабходныя рэчывы, для росту і квітнення ёй неабходныя толькі вільгаць і святло, таму не абавязкова фарміраваць вакол яе земляны ком — дастаткова толькі закрыць усе карэньчыкі шчыльным слоем імху. Для таго, каб мох надзейна трымаўся, фіксуем яго з дапамогай баваўнянай ніткі.

Ваза з імхом

Празрыстая шкляная ваза, напоўненая мхом, можа быць сама па сабе элементам дэкору, а можна размясціць у ёй цыбулінкі ў квецені — папярэдне адмыйце іх ад глебы вадой. Калі гэты дэкор будзе ў вас кароткачасовы, то гэтага дастаткова, а калі хочаце, каб ён пастаяў даўжэй, то трэба наліць у вазу паўсантыметра вады, або апырскваць / увільгатняць мох.

Прыродны каларыт

Прытрымлівайцеся прыроднай палітры колераў (зялёныя і белыя адценні) і натуральных фактур (ільняны абрус, керамічны посуд). Выкарыстоўвайце кантрасты: белыя кветкі і цёмныя бярозавыя галінкі, мяккія пёркі і цвёрдыя паверхні посуду, гладкія вазы і фактурнае шкло. Дадавайце празрыстыя келіхі, вытанчаныя свечкі, галінкі бэзу з зялёнымі пупышкамі.

Чытайце таксама:

Як прыгожа, але экалагічна красіць яйкі да Вялікадня

Як красіць велікодныя яйкі: вялікі гайд

Беларускія велікодныя традыцыі ў пытаннях і адказах

Прафесар расказаў, колькі яек можна з'есці на Вялікдзень і як доўга можна трымаць вараныя яйкі на стале

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1