Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску завершана расследаванне «справы фінансістаў», па якой праходзяць былы старшыня назіральнага савета ААТ «Тэхнабанк» Уладзіслаў Кацарэнка і іншыя асобы.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК Аляксандр Герасімаў, гэтыя грамадзяне абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ухіленне ад выплаты падаткаў, махлярства.
З абвінавачання вынікае, што Кацарэнка дапамагаў кіраўнікам прыватных кампаній ухіляцца ад выплаты падаткаў,перадаваў прыватным кампаніям падробленыя дакументы і рэквізіты падкантрольных яму лжэпрадпрымальніцкіх структур — рэзідэнтаў Расіі і Вялікабрытаніі, арганізаваў незаконны абмен валюты ў велізарных маштабах.
Урон у выглядзе нявыплачаных падаткаў ацэньваецца ў 7 млрд рублёў, незаконны даход, атрыманы групай ад усіх відаў незаконнай дзейнасці, — у 417 млрд рублёў.
Па справе праходзяць дзевяць чалавек, трое з іх, у тым ліку Кацарэнка, знаходзяцца пад вартай. Усім выстаўлены канчатковыя абвінавачанні.
Матэрыялы справы рыхтуюцца для накіроўвання пракурору для далейшай перадачы ў суд.
Нагадаем, Кацарэнка быў затрыманы 2 сакавіка гэтага года.
0
0
0
0
0
0