Брытанскі Стоўнхэндж

Знойдзенае паблізу ад Оршы (Віцебская вобласць) каменнае збудаванне можа быць старадаўняй абсерваторыяй або капішчам, лічаць удзельнікі першай навуковай экспедыцыі ва ўрочышчы Купа, арганізаванай Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з беларускімі уфолагамі. Узначальваў экспедыцыю кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Эдвард Зайкоўскі.

Такім чынам, вучоныя падключыліся да даследавання Купы, якім дагэтуль займаліся толькі энтузіясты, актывісты пакуль не зарэгістраванага Уфалагічнага камітэта.

На схіле берага Дняпра даследчыкі знайшлі каля 40 валуноў. У цэнтры комплексу ўзвышаецца вялікі камень дыяметрам каля двух метраў. Астатнія дыяметрамі 0,6‑0,9 метра ствараюць вакол яго два кольцы. Комплекс камянёў ужо назвалі беларускім Стоўнхенджам.

На думку уфолага, на карысць таго, што скопішча валуноў магло выкарыстоўвацца ў якасці каменнага календара, гаворыць кольцавая структура збудавнаня. Цалкам верагодна, што такім чынам людзі вызначалі дзень летняга сонцастаяння і наступную за ім Купальскую ноч. Магчыма, ад Івана Купалы пайшла і назва ўрочышча — Купа. Мяркуемая абсерваторыя знаходзіцца на шырыні 54 градусы, аптымальнай для назірання за Месяцам.

Аднак больш рэалістычнай вучоным уяўляецца версія, што на гэтым месцы размяшчаўся язычніцкі храм, тут стаялі ідалы і прыносіліся ахвяры багам.

На думку ўдзельнікаў экспедыцыі, каменны комплекс — тварэнне рук чалавека. У радыусе некалькіх кіламетраў якога‑небудзь значымага скопішча камянёў не знойдзена, а літаральна ў 10 метрах ад валуноў археолагі раскапалі неалітычную стаянку, датуемую трэцім тысячагоддзем да нашай эры.

Першы шурф быў зроблены каля вялікага валуна, размешчанага ў цэнтры комплексу. Капаць было вельмі цяжка, глеба ў гэтым месцы перамяшаная з гравіем. Эдвард Зайкоўскі зрабіў выснову, што некалі тут працякаў ручай, які і намыў гэтую пароду. А культурны слой, калі ён быў на гэтым месцы, знесла ў Дняпро.

Археолаг таксама звярнуў увагу, што камяні размешчаны на схіле. Хутчэй за ўсё, яны спаўзлі па меры таго, як Дняпро драбнеў і яго воды апускаліся ўсё ніжай. Значыць, паводле яго слоў, каменны комплекс размяшчаўся з самага пачатку ў іншым месцы, на роўнай гарызантальнай паляне, і геаметрыя збудавання была іншай.

Пасля апрацоўкі звестак экспедыцыі будзе прынята рашэнне аб далейшым даследаванні комплексу і магчымым яго ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцей Беларусі.

Дзмітры Мартынаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0