Высокі прадстаўнік «Gazprom Germania» — нямецкай дачыннай кампаніі расейскага энэргаканцэрну — быў супрацоўнікам «Штазі». Пра гэта паведамляе газэта «Die Welt». Яна нагадвае, што гэта ня першы выпадак сувязі мэнэджэраў «Газпрому» з даўнімі службамі бясьпекі ГДР.

Кіраўнік кадравай службы «Gazprom Germania» Ганс‑Увэ Крэер быў неафіцыйным супрацоўнікам таемнай паліцыі ГДР пры канцы 70‑х (вядомы, як агент «Роланд Шродэр»), а таксама ў другой палове 80‑х — гэтым разам пад псэўданімама «Гартман». «Die Welt» дабралася да тэчкі Крэера, якая ўтрымлівае больш за 600 старонак. Газэта піша, што Крэер быў каштоўным супрацоўнікам «Штазі», бо меў доступ да ўсіх інвэстыцыяў энэргагаспадаркі на тэрыторыі Цюрынгіі. Ганс‑Увэ Крэер не аспрэчвае факт свайго супрацоўніцтва з «Штазі». Прадстаўнік « Gazprom Germania» сказаў, што кіраўніцтва фірмы ведала пра мінулае Крэера. Аднак ён дадаў, што «мы не зьяўляемся прадпрыемствам, пранізаным агентамі «Штазі».

«Die Welt» нагадвае пра два іншыя выпадкі супрацоўніцтва з «Штазі» мэнэджэраў прадпрыемстваў, зьвязаных з «Газпромам». Гэдээраўскімі шпіёнамі былі між іншым Фэлікс Штрэгобэр, фінансавы дырэктар «Gazprom Germania», і Маціас Варніг, цяперашні адміністратыўны дырэктар кампаніі «Nord Stream», якая будуе Паўночны газаправод. Былы канцлер Герхард Шродэр, які ўзначальвае сход акцыянэраў «Nord Stream», адмовіўся камэнтаваць мінулае свайго супрацоўніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?