У сераду ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася сустрэча намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Косінца з кіраўнікамі ўсіх рэлігійных аб’яднанняў нашай краіны. Сустрэча была ініцыявана з боку дзяржавы, а самі кіраўнікі канфесій назвалі яе гістарычнай.

— Канфесійная палітыка нашай дзяржавы накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для ўсіх без выключэння канфесій, — падкрэсліў Аляксандр Косінец.

Пра тое, што такія ўмовы створаны, сведчыць рост колькасці рэлігійных грамадаў за апошнія 10 гадоў: з 2009-ці да 2953-х. У параўнанні з 1980 годам у 4,7 раза павялічылася колькасць культавых будынкаў. Сёння ў Беларусі такіх будынкаў и памяшканняў прыстасаваных для набажэнстваў — 2671. Беларуская праваслаўная царква зараз мае 1233 храмы (з 1994 года рост у 3,6 раза), Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі — 416 (рост у 4 разы), пратэстанцкія цэрквы — 880 (рост у 10,7 раза). Аляксандр Косінец падзякаваў кіраўнікам канфесій, якія належным чынам падтрымліваюць і клапоцяцца пра культавыя будынкі, што з’яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры. На жаль, адзначыў намеснік прэм’ер-міністра, гэта можна сказаць не пра ўсе помнікі з ліку 607, якія знаходзяцца ў распараджэнні розных рэлігійных аб’яднанняў.

Адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны з боку рэлігійных арганізацый сталі адным з праблемных пытанняў, на якія звярнуў увагу Аляксандр Косінец у першую чаргу. Гэта агульнанародная спадчына, заўважыў ён, але дзесяткі помнікаў стаяць напаўразбураныя і гінуць, што супярэчыць палітыцы дзяржавы, інтарэсам народа, ды і не стасуецца з Божымі законамі.

Другая праблема, на якую указаў віцэ-прэм’ер, — новабудоўлі, што не даводзяцца да ладу дзесяцігоддзямі. Сёння будуецца 252 новыя храмы, з іх толькі 111 маюць праектна-каштарысную дакументацыю. На завяршэнне ўсіх будоўляў патрабуецца 151 млрд рублёў, з іх асвоены толькі 51 млрд. Аляксандр Косінец звярнуўся да кіраўнікоў канфесій з настойлівай просьбай паспрыяць змяненню гэтай сітуацыі.

Трэцяе праблемнае пытанне датычылася кадравай палітыкі. Дзяржава зацікаўлена, каб рэлігійную дзейнасць ажыццяўлялі ў Беларусі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, людзі, якія ведаюць мову, культуру, гісторыю нашай краіны і менталітэт яе народа. Сёння ў краіне 13 устаноў адукацыі рыхтуюць свяшчэннаслужыцеляў розных канфесій. Пакуль што больш за ўсё замежных свяшчэннікаў служыць у касцёлах: 190, з іх 181 — грамадзяне Польшчы. Аляксандр Косінец падзякаваў кіраўніцтву Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі за разуменне гэтай праблемы і паведаміў, што на працягу 7 гадоў павінна адбыцца замена замежных святароў на беларускіх. Сёлета з Гродзенскай і Пінскай каталіцкіх семінарый выйшлі 12 свяшчэннаслужыцеляў.

Ад імя ўрада Аляксандр Косінец падзякаваў удзельнікам сустрэчы за актыўны ўдзел у духоўна-маральным выхаванні грамадства, садзейнічанне ў вырашэнні дэмаграфічнага крызісу ў краіне. Тое, што за сем месяцаў гэтага года смяротнасць насельніцтва знізілася на 4 працэнты (альбо на 3 тыс. жыццяў), а нараджальнасць павысілася на 10 працэнтаў (альбо на 6 тыс. новых беларусаў) — з’яўляецца заслугай не толькі дзяржавы, але таксама ўсіх канфесій на Беларусі.

— Прасіў бы вас і надалей рабіць усё магчымае для забеспячэння росту народанасельніцтва нашай краіны, — звярнуўся віцэ-прэм’ер да рэлігійных лідараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?