Апошні альбом дзяржаўнага ансамблю «Песьняры» датаваны 2001 годам. Запісаны ён быў і выдадзены яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Мулявіна. 19 верасьня ў Менску цяперашнія ўдзельнікі калектыву пазнаёмілі з новай працай — альбомам «Распавядальная».

Рэпэртуар альбому даволі стракаты, ён уключае як даўно вядомыя песьні кшталту «Зачарованая мая» ці «Мой родны кут», так і амаль невядомыя творы, аўтарам музыкі і тэкстаў большасьці зь якіх зьяўляецца цяперашні мастацкі кіраўнік дзяржаўных «Песьняроў» Вячаслаў Шарапаў. Большая частка песень гучыць на беларускай мове. Пры гэтым Вячаслаў Шарапаў падкрэсьліў, што гэты альбом‑кампіляцыя падводзіць вынік пэрыяду аднаўленьня калектыву:

«Жыцьцё паказала, што «Песьняры» патрэбныя і ў Беларусі, і ў Расеі, і, відаць, ува ўсёй постсавецкай прасторы. Гэта паўсюль патрэбна, гэты жанр запатрабаваны, таму ў свой час мы ўзвалілі на сябе гэтую нялёгкую ношу і нясем яе».

Якія «Песьняры» самыя сапраўдныя?

Вакол таго, ці маюць права і ці наагул здольныя цяперашнія «Песьняры» несьці далей, разьвіваць закладзеныя Мулявіным традыцыі, і дагэтуль вядуцца зацятыя спрэчкі. Адны гавораць, што па сьмерці Мулявіна само паняцьце «Песьняры» страціла ўсялякі сэнс, іншыя мяркуюць, што цяперашні калектыў павінен не перапяваць клясычнага «песьняроўскага» рэпэртуару, а шукаць уласны творчы шлях.

Альбом «Распавядальная» з сымбалем сучасных «Песьняроў» на вокладцы — выявай калёснай ліры — наўрад ці дае на гэта адказ. Хутчэй ён ставіць новыя пытаньні.

Да прыкладу, ёсьць у альбоме вэрсія а капэля славутага палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага, якая гучыць на расейскай мове. Нагадаўшы аўтару слоў абставіны, у якіх была напісаная мэлёдыя, я спытаўся, ці нармальна гэта?

«Рэч у тым, што ў свой час расейскі імпэратар прабачыў яго, — адказаў Вячаслаў Шарапаў. — Гэта па‑першае. Па‑другое, сам ён мае расейскія карані, паходжаньне са Смаленшчыны. Трэці аспэкт: паколькі ўсё‑такі на постсавецкай прасторы расейская мова зьяўляецца мовай міжнацыянальных зносін, мы гэты сэнс можам данесьці шырэй. Дарэчы, цяпер ужо існуе польскамоўная вэрсія палянэзу, яна ўжо створана. У плянах мы хочам стварыць і беларускую вэрсію».

Як высьветлілася, беларускамоўнай вэрсіі гэтага твору на верш Сержука Сокалава‑Воюша Вячаслаў Шарапаў ніколі ня чуў.

Вячаслаў Шарапаў: «Мы маем правы, дэлегаваныя нашым народам»

Атрымалася так, што пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна на сцэнах галоўным чынам Беларусі і Расеі выступаюць тры калектывы, якія выкарыстоўваюць назву «Песьняры». Пры гэтым Леанід Барткевіч зарэгістраваў у Расеі на назву патэнт, згодна зь якім Беларускі дзяржаўны ансамбль нібыта ня мае права выступаць у Расеі пад імем «Песьняроў». Вячаслаў Шарапаў растлумачыў сытуацыю так:

«Пытаньне патэнту на гэтую назву дастаткова спрэчнае, таму што, шчыра кажучы, зроблена тое было зладзейскім чынам. Людзі, якія на той момант ужо не працавалі ў ансамблі і ведалі, дзе знаходзяцца ключы ад сэйфа, узялі пасьведчаньне, выдадзенае ў свой час Мулявіну, і паехалі ў Маскву. Зарэгістраваліся ў «Роспатэнце» і ўсенародна аб’явілі, што яны цяпер на тэрыторыі Расеі зьяўляюцца спадчыньнікамі ўсяго і там працуюць.

Я хачу сказаць, што ні на тэрыторыі Расеі, ні на тэрыторыі Ўкраіны, ні на тэрыторыі іншых краін мы ніколі ня мелі нейкіх праблем, зьвязаных з гэтым пытаньнем. Мы маем правы, дэлегаваныя нашай дзяржавай, дэлегаваныя, адпаведна, нашым народам».

У плянах дзяржаўных «Песьняроў» — запіс новых альбомаў на вершы Янкі Купалы, беларускіх паэтаў ХІХ стагодзьдзя, праграмы новых аранжаваньняў народных песень і твораў, напісаных удзельнікамі калектыву.

Зьміцер Падбярэскі, «Радыё Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0