У Полацку расейскія рэстаўратары зноў пачалі працу па узнаўленьні фрэсак Спаса‑Праабражэнскай царквы.

Расейскія рэстаўратары зноў пачалі працу па узнаўленьні фрэсак XII стагодзьдзя ў Полацкай Спаса‑Праабражэнскай царкве Спаса‑Эўфрасіньнеўскага манастыра, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намесьнік дырэктарар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва вобласьці» Уладзімер Полаўцаў.

На запрашэньне Міністэрства культуры Беларусі ў старажытным храме працуюць спэцыялісты рэстаўрацыйнай групы міжабласнога навукова‑рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўленьня пры Міністэрстве культуры Расеі пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўчых навук Уладзімера Сараб’янава. Група спэцыялізуецца на ўзнаўленьні фрэсак XII‑XIV стагодзьдзяў. Мастакі бралі ўдзел у рэстаўрацыі помнікаў у Суздалі, Ноўгарадзе, Пскове. У Полацку расейскія спэцыялісты працуюць ад пачатку гэтага году і ўжо надалі першасны выгляд больш за 50 м² манумэнтальнага жывапісу. Пасьля летняга перапынку яны працягнуць раскрываць і ўмацоўваць фрэскі ў алтарнай частцы храму.

Паводле словаў Уладзімера Полаўцава, рэстаўратарам яшчэ належыць вывучыць і захаваць старажытны жывапіс на плошчы больш за 300 м².

Спаса‑Праабражэнская царква па праве лічыцца пэрлінай усходнеславянскай культуры. У ёй засталіся непашкоджанымі спрадвечныя роспісы XII стагодзьдзя — ад падлогі да самога купалу, што дазваляе ўбачыць адзіны ансамбаль унутранага ўбраньня храму. Паводле словаў спэцыялістаў, на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы да нашых дзён захаваўся толькі адзін падобны помнік — храм Мірожскага манастыра ў Пскове. У Спаса‑Праабражэнскай царкве спачываюць мошчы прападобнай заступніцы беларускай зямлі Эўфрасіньні Полацкай.

Міністэрства культуры ў 2008 годзе мае намер ініцыяваць унясеньне Спаса‑Праабражэнскай царквы ў сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0