Яе адшукалі ў Мсціславе. Гэта ўжо другая грамата, адкуль: у 2008 археолагі знайшлі сведчанне купца Сямёна пра куплю пшаніцы, датаванае канцом ХІІ ст. «Мая — ранейшая, — кажа археолаг Ігар Марзалюк, кіраўнік экспедыцыі, якая на тым тыдні адшукала «пропіс». — Гэта пачатак ХІІ стагоддзя». Значыць, знаходка адносіцца да самага першага перыяду існавання Мсціслава, заснаванага смаленскім князем Расціславам і названага ў гонар сына.
«Я лічу, што мы сваім раскопам трапілі на край княскай сядзібы, — кажа Марзалюк. —
Адкапалі маставую, рэшткі гаспадарчых будынкаў. Багацце знаходак неверагоднае — фрагменты візантыйскіх бакалаў, упрыгожаных золатам, шыферныя прасліцы, аскялепкі посуду з горнага крышталю — на той час гэта лічылася вялікай раскошай. Недалёка ад граматы, дарэчы, мы знайшлі і пісала».
Багаццю знаходак спрыяюць унікальныя прыродныя ўмовы Мсціслаўскага гарадзішча, кажа Марзалюк: «Тут крыніцы, зямля насычаная вадой, таму арганіка выдатна захоўваецца. Уяўляеце: знайшлі нават клад дроваў, пасечаных на чатыры часткі».
Усе берасцяныя граматы былі знойдзеныя на ўсходзе Беларусі: дзве ў Мсціславе, адна — у Віцебску. Ці гэта выпадковасць, ці тэндэнцыя?
«Культура берасцяных грамат, як і традыцыя веча, была характэрная для рускай Поўначы, для арэалу рассялення крывічоў — гэта Віцебск, Полацк, Ноўгарад».
Дарэчы, грамату, як і іншыя знаходкі, паказалі на Мсціслаўскім фэсце, што прайшоў у горадзе на мінулых выходных.
У перспектыве ж, кажа Марзалюк, у Мсціславе будзе створаны гісторыка-культурны запаведнік.