Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб спыненні імпартных паставак сельгастэхнікі ў рэспубліку. Аб гэтым ён заявіў сёння, адкрываючы другі дзень работы семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў.
«Нам бы хацелася і ў далейшым купляць імпартную сельгастэхніку на сотні мільёнаў долараў. Але мы ўклалі мільёны долараў у айчынную вытворчасць, таму павінны абапірацца на сваю тэхніку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Таму па прапанове першага віцэ‑прэм’ера Уладзіміра Сямашкі і было прынята рашэнне аб спыненні паставак імпартнай тэхнікі. Прэзідэнт паведаміў, што будзе прыняты адпаведны ўказ.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў вытворцаў сельгастэхнікі, а таксама кіраўнікоў ведамстваў да «больш строгай адказнасці» за якасць беларускай сельгастэхнікі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, прыняўшы такое рашэнне, будзе недапушчальным, калі ў перыяд уборкі ўраджаю наш камбайн будзе прастойваць.