У Маскве ўжо пяць гадоў з посьпехам прадаюцца кніжкі для дзяцей, напісаныя беларускім журналістам Канстанцінам Севярынцам — бацькам апазыцыянэра Паўла Севярынца. З сваім прозьвішчам Канстанціну нялёгка працаваць у Беларусі.

Пяру Канстанціна Севярынца належыць больш за трыста розных кніжак для малечы. Сярод іх як аўтарскія вершы, так і пераказаныя ў вершаванай форме вядомыя казкі «Волк и семеро козлят», «Теремок», «Колобок» ды іншыя.

— У інтэрнэце ёсьць пошукавая сыстэма «Лябірынт», дзе публікуюць рэйтынгі кніг у залежнасьці ад пакупніцкага попыту на іх, — расказвае аўтар. — Там такія вядомыя пісьменьнікі як Марыніна. І я вельмі зьдзівіўся, што мая кніжка па рэйтынгу стаіць на 50 месцы! Быць у Расеі пяцідзясятым — гэта вельмі забаўна й здорава.

Гісторыя з друкарняй у Віцебску

Здавалася, Канстанцін Севярынец прычакаў сваёй зорнай часіны і ў родным Віцебску — у мясцовай друкарні рыхтуюцца да публікацыі адразу чатыры яго новыя кніжкі.

Але нядаўна Канстанціна запрасілі ў друкарню й сказалі, што трэба памяняць прозьвішча на псэўданім.

«Чаму? Ніхто ня змог мне адказаць», — кажа журналіст.

Спрачацца з друкарняй і выдаўцом Канстанцін ня стаў, а за лепшае вырашыў праславіць сваіх чатырох унукаў і ўзяў псэўданімы да кніг па іх імёнах: Любачкін, Жэнечкін, Грышачкін, Глебушкін.

Праблемы з‑за прозьвішча

«Я разумею, што складанасьці маё прозьвішча стварае з‑за дзейнасьці Паўла», — распавядае Канстанцін Севярынец. — З уладамі ў нас даўно адносіны ня склаліся. Яны ведаюць маю пазыцыю, хоць палітыкай у чыстым выглядзе я не займаюся. Ёсьць у мяне праблемы з публікацыяй у мясцовацй прэсе. Пад псэўданімам зрэдзьчас друкуюць, усё‑такі я журналіст рэспубліканскага ўзроўню і праблем з друкаваньнем у мяне ніколі не было. Але калі зьявіліся ідэалягічныя аддзелы ў выканкамах — зьявіліся праблемы».

Год таму Канстанціна ўзялі на працу ў агенцтва «Мінск‑Навіны». Але мясцовая ўлада не пакінула гэты факт без увагі й журналісту прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні.

«Не патрэбны я там — дык і не патрэбны, — кажа Севярынец. — Буду працаваць, дзе працую, а працую я ў «Дэтэктыўнай газэце» ўласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласьці. Працую ўжо 15 гадоў, і праблем пакуль не ўзьнікала».

Якая будучыня чакае Канстанціна Севярынца ў працы — спрагназаваць цяжка. Нагадаем, што журналіст дагэтуль спрабуе абскардзіць у вышэйшых інстанцыях рашэньне пра звальненьне з працы сваёй жонкі.

«Скардзіўся на рашэньне суду першай інстанцыі. У неафіцыйнай размове мне адразу сказалі, што такое прозьвішча не праходзіць, — абураецца журналіст. — Я спрабаваў ім патлумачыць, што прозьвішчы Севярынец і Лукашэнка абсалютна раўнапраўныя, хоць і пасады ў нас розныя».

На ўсе аргумэнты Севярынцу адказалі сьцісла: «Ты ж разумееш…» І разьвялі рукамі.

Алена Нікалаева, Deutsche Welle

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0