«Павел Губараў выкрадзены. Што з ім і дзе ён мы, сапраўды, у дадзены момант не ведаем. Гэта адбылося некалькі гадзінаў таму», — паведаміла ў панядзелак увечары прэс-служба Губарава.
Некалькі ўкраінскіх сайтаў распаўсюдзілі інфармацыю аб арышце Губарава.
Кіраўнік «Фонду дапамогі Наваросіі» Глеб Карнілаў напісаў у Фэйсбуку: «Толькі што паведамілі з Данецка. Павел Губараў захоплены невядомымі байцамі. Па словах відавочцаў, аўтаматчыкі ў масках заляцелі ў штаб, паклалі тварам уніз яго ахову. Губарава вывелі, загрузілі ў машыну і павезлі ў невядомым накірунку. Адзін з удзельнікаў здарэння запэўнівае, што гэта былі чачэнцы, па характэрнай мове».
У пачатку сакавіка 2014 года штурмавікі вызначылі былога актывіста неанацысцкай арганізацыі РНЕ Губарава так званым «народным губернатарам» Данецкай вобласці.
6 сакавіка яго арыштавалі ўкраінскія спецслужбы. У маі 2014 года Губарава ў ліку іншых арыштаваных абмянялі на трох захопленых расійскімі баевікамі афіцэраў украінскай «Альфы», а ў чэрвені 2014 году зноў абвясцілі ў вышук на тэрыторыі Украіны.
Губараў узначальвае партыю «Наваросія». У адным з замахаў на яго жыццё ён быў цяжка паранены і лячыўся ў Расіі.