Паводле інфармацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, зацікаўленыя дзяржаўныя ведамствы ўзгаднілі правядзеньне работ для зносу былога будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Да пераезду ў мікрараён Усход бібліятэка знаходзілася акурат насупраць будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. На фоне ўжо афіцыйна абвешчанага зносу шэрагу дамоў па вуліцы Карла Маркса, гатэлю «Беларусь» і рэшткаў прыватных забудоваў, экспэрты не выключаюць руйнаваньня афіцыйна зарэгістраванага «помніка архітэктуры канструктывізму» пачатку 1930‑х гадоў.

Падчас нядаўняга выязнога паседжаньня Аляксандра Лукашэнкі з удзелам сталічных горадабудаўнікоў былі абвешчаныя пляны перабудовы Менску. Дзеля гэтага давядзецца ахвяраваць шэрагам будынкаў, якія не ўкладаюцца ў архітэктурную канцэпцыю «гораду будучыні».

Меркаванае пераабсталяваньне вуліцы Карла Маркса ў пешую зону ўжо выклікала хвалю пратэстаў жыхароў дамоў, якія мусяць пераехаць на ўскраіны, бо на месцах даваеннай забудовы разьмесьцяцца фантаны ды паркінгі.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што першым пад знос можа трапіць былы будынак Нацыянальнай бібліятэкі — праца архітэктара Лаўрова, датаваная 1931 годам. Спачатку вяліся размовы, што сюды з Дому ўраду пераедзе прэзыдэнцкая бібліятэка:

«Ёсьць інфармацыя па маіх каналах зь «Менскпраекту», што гэта сапраўды так. Ігар Чарняўскі [намесьнік кіраўніка дэпартамэнту аховы гістарычна‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры — РС] пакуль па тэлефоне нічога не гаворыць. Але я мяркую зь ім сустрэцца ў нефармальных абставінах заўтра, і, можа, як «раскалю». Калі не — я ў іх канцылярыі рэгіструю ўжо падрыхтаваны ліст, каб яны мне далі афіцыйны адказ».

Ні спадар Чарняўскі, ні прадстаўнікі згаданага Антонам Астаповічам «Менскпраекту» выключэньня для Радыё Свабода не зрабілі і інфармацыі пра меркаваны знос бібліятэчнага будынку абмяркоўваць ня сталі. А вось ва ўпраўленьні гістарычна‑культурнай спадчыны Менскага гарвыканкаму, пад патранажам якога фармальна знаходзіцца былы будынак бібліятэкі, сьцьвярджаюць, што ніякага руйнаваньня не плянуецца:

«Рэч у тым, што будынак бібліятэкі зьяўляецца гістарычна‑культурнай каштоўнасьцю, ён унесены ў дзяржаўны сьпіс. Таму ніхто ніякіх распараджэньняў, дзеяньняў у гэтым кірунку не ініцыяваў. Прынамсі, так сказаў намесьнік начальніка нашага ўпраўленьня. Я ў яго толькі што гэта праверыла. То бок ніякай іншай інфармацыі ў нас няма».

Антон Астаповіч кажа, што знаходжаньне архітэктурнага помніка ў ахоўным сьпісе насамрэч ні пра што ня сьведчыць:

«У нас яны вельмі проста могуць вывесьці аб’ект за гэтыя рамкі. Ёсьць жа прэцэдэнт з двума рэчыцкімі будынкамі, якія перад «Дажынкамі» вывелі са сьпісу і зруйнавалі. Бо вывесьці — тэхнічна вельмі проста. Навукова‑мэтадычная рада прымае рашэньне, Саўмін робіць адпаведную пастанову на падставе пратаколу навукова‑мэтадычнай рады. Усё! У нас гэта вельмі проста па нашым заканадаўстве адбываецца. А той жа Ігар Чарняўскі можа даць любое абгрунтаваньне».

Паводле Радыё Свабода

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі на вул.Чырвонаармейскай быў пабудаваны ў 1930—32 г. (праект архітэктара Г.Лаўрова). Некалі гэта быў адзін з найбольш важных і імпазантных архітэктурных збудаваньняў у духу тагачаснага функцыяналізму. Больш як 70 гадоў гэта была галоўная бібліятэка Беларусі. Будынак лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю 1-е катэгорыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0