Рассельгаснагляд пакінуў для беларускіх прадпрыемстваў ранейшыя ўмовы паставак мяса-малочнай прадукцыі ў Расею да 1 траўня 2008 году, паведаміў намесьнік начальніка галоўнай управы вэтэрынарыі Мінсельгасхарчу Міхаіл Бушыла.

Пра адтэрміноўку дзеяньня новых правілаў, згодна якіх пастаўляць мяса-малочную прадукцыю ў Расею змогуць толькі атэставаныя расейскімі спэцыялістамі вытворцы, кіраўніцтва Рассельгаснагляду афіцыйна паведаміла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу Беларусі. Раней быў вызначаны тэрмін да 1 сакавіка бягучага году. Заплянаваныя на люты праверкі яшчэ 33 прадпрыемстваў – 12 мясаперапрацоўчых, 14 малакоперапрацоўчых, 6 птушкафабрык, а таксама Магілёўскага жэлацінавага заводу пакуль не праводзіліся.

Спэцыялісты Рассельгаснагляду атэставалі 76 з 97 правераных беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку 26 мясаперапрацоўчых, 47 малочных, 1 птушкафабрыку, 1 комплекс па перапрацоўцы рыбы і 1 сьвінакомплекс.

Нагадаем, што па новых правілах пастаўкі малака, мяса й рыбы ў Расею ажыцьцяўляюцца са студзеня 2007 г. Такі самы рэжым дзейнічае для краінаў Балтыі і Ўкраіны. Для апошняй такі парадак быў уведзены ў 2006 г..

Варта адзначыць, што Расея не адразу ўжыла гэтыя правілы ў дачыненьні да беларускіх вытворцаў, адсоўваючы ўвядзеньне новага парадку імпарту некалькі разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?