Неабходнасьць распрацоўкі законапраекту нібыта выкліканая тым, што апошнім часам розныя заканадаўчыя акты, датычныя выезду і ўезду ў Беларусь, зазналі пэўныя зьмены. У прыватнасьці, быў скасаваны дазвольны штамп на выезд, а таксама ўведзеныя абмежаваньні на выезд для тых асобаў, у дачыненьні якіх вядзецца крымінальны перасьлед або яны маюць фінансавыя запазычанасьці паводле рашэньняў судоў, якія ўступілі ў законную сілу.
Тым часам, гэтыя новаўвядзеньні ўступаюць у супярэчнасьці зь іншымі актамі і выклікаюць мноства пытаньняў як у саміх грамадзянаў, так і ў супрацоўнікаў МУС, КДБ і Дзяржпамежкаміту. Таму ў распрацоўцы новага закону возьмуць удзел наступныя ведамствы: КДБ, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства замежных спраў.
У прэс‑службе Камітэту дзяржбясьпекі адмовіліся ад камэнтароў пра праект закону аб выезьдзе за мяжу.