У вобласьці на мяжы зь Беларусьсю кандыдат Крамля атрымаў найменшы працэнт галасоў сярод усіх рэгіёнаў — 59,62 %. «Адзіная Расея» на выбарах у Думу ў гэтым рэгіёне набрала ўсяго на 2 % больш. Для аўтарытарнай Расеі такі нізкі працэнт фактычна роўны галасаваньню супраць.
У сярэднім у краіне Мядзьведзеў афіцыйна сабраў аж 70,23 %. Мядзьведзеў таксама сабраў менш за сярэдняе ў Карэліі, Караляўцы (Калінінградзе) і Мурманску. Але не ў Пецярбурзе, адкуль ён родам (72,27 %), і не ў заможнай Маскве (71,65 %). Імаверна, у рэгіёнах, што мяжуюць з цэнтральнаэўрапейскімі краінамі, выбарцы менш паддатныя на прапаганду «посьпехаў пуцінскай Расіі» — вельмі адносных і ці трывалых.