Антоні Мацярэвіч, які быў намінаваны на кіраўніка міністэрства абароны Польшчы партыяй «Закон і справядлівасць», плануе дамагацца падвышэння выдаткаў на абарону і павелічэння колькаснага складу ўзброеных сіл нашай заходняй суседкі.
Пра гэта паведаміў польскі ваенны партал defence24.pl, падсумаваўшы публічныя заявы Мацярэвіча.
wp.pl
Таксама будучы кіраўнік абароннай установы хоча максімальна загрузіць польскія заводы і фабрыкі замовамі на рыштунак і тэхніку для польскай арміі.
«Нацыянальная прамысловасць мае патэнцыял, каб забяспечыць большасць рыштунку і ўзбраення, якое плануе набыць армія. 130 мільярдаў злотых (каля $32 млрд), якія ў бліжэйшы час павінны быць перададзеныя на войска, у большасці могуць і мусяць быць выдаткаваны ў Польшчы», — сказаў Мацярэвіч падчас дэбатаў, арганізаваных выданнем Gazetа Polska.
Але гэтая сума была запланаваная на пераўзбраенне польскага войска на працягу амаль 20 год у іншай стратэгічнай сітуацыі, калі лічылася, што Польшчы не пагражае вайна, адзначыў будучы міністр абароны.
Мацярэвіч лічыць, што вайсковы бюджэт краіны павінен быць павялічаны, што павінна быць таксама звязана з разбудовай больш агульнай нацыянальна-грамадскай сістэмы абароны Польшчы.
Ён выказаўся за пашырэнне тэрытарыяльнай абароны ў якасці сталага, а не часовага элемента сістэмы нацыянальнай абароны, за інтэграцыю грамадзянскіх добраахвотніцкіх абаронных арганізацый у гэтую сістэму.
Таксама ён не выключыў перагляду схемы дыслакацыі частак польскай арміі, большасць якіх традыцыйна (з часоў Халоднай вайны) знаходзіцца бліжэй да заходніх межаў Польшчы.
***
wp.pl
Антоні Мацярэвіч — віцэстаршыня партыі «Закон і справядлівасць», гісторык, удзельнічаў у антыкамуністычным руху, у працы каталіцкіх арганізацый, быў актывістам «Салідарнасці». Падчас сваёй дзяржаўнай кар'еры быў міністрам унутраных спраў, намеснікам міністра абароны, шэфам службы вайсковай контрвыведкі.