Сёлета на Дзень Волі ішоў сьнег і дзьмуў халодны вецер. Мала хто мог узгадаць, калі апошні раз 25 Сакавіка была такая сьцюжа.

З раніцы пачалі зьяўляцца шматлікія паведамленьні пра затрыманьні людзей у рэгіёнах. Актывістаў арыштоўвалі, не давалі выехаць у Менск. Патэлефанавала чытачка з Гомеля, якая сказала, што на Дзень Волі патрапіць ня можа, бо адмянілі большасьць цягнікоў.

Ужо ў абед не засталося ілюзій і наконт таго, што ўлады ўсё ж дазволяць збор на Якуба Коласа і шэсьце па цэнтры гораду, як тое было падчас «Эўрапейскага маршу». Ужо за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі мінакі заўважалі непрапарцыйна вялікую колькасьць міліцыі і амапаўцаў у раёне плошчы Якуба Коласа, за Філярмоніяй звыкла стаялі аўтазакі. Празь нейкі час меркаванае месца збору дэманстрантаў пачалі абстаўляць турнікетамі.

Традыцыйна не спыняўся на патрэбным месцы і грамадзкі транспарт, нікога не пускалі ў мэтро. Міліцыянты выбачаліся за часовыя нязручнасьці, паведамляючы, што мэтро не працуе, бо ў гэтым месцы праводзіцца «нейкае мерапрыемства». Тое самае было летась падчас «Чарнобыльскага шляху».

Перакрыцьцё плошчы немінуча прывяло да таго, што людзі былі падзеленыя на дзьве групы. Які ўжо раз улада выкарыстоўвае гэты прыём, а адэкватнага адказу па‑ранейшаму няма. Ніхто з арганізатараў не наважваецца загадзя паведамляць людзям альтэрнатыўны плян, баючыся абвінавачваньня ў арганізацыі беспарадкаў.

Большая частка людзей сабралася ля рэстарану «Лідо». Чакалі, калі зьявіцца нехта зь лідэраў апазыцыі. Па настроях было бачна, што ісьці на Бангалор ніхто ня хоча, але і ісьці на сутычкі зь міліцыяй асабліва жаданьня не было. Першы кардон, які складаўся зь дзесятка праваахоўнікаў, прарваць удалося. Затое на другім ‑‑ шчыльнейшым — кардоне натоўп спыніўся. На дапамогу міліцыі хуценька падбеглі амапаўцы, пачалі адцясьняць людзей. Пабачыўшы, што на плошчу Якуба Коласа прайсьці няма як, дэманстранты скіраваліся ў бок Акадэміі Навук. Пачалі паціху ўздымацца бел‑чырвона‑белыя і эўрасаюзаўскія сьцягі, пачуліся выгукі «Жыве Беларусь» і «Незалежнасьць». У калёне, якая ішла пад пільным наглядам спэцназу, было каля дзьвюх тысяч чалавек. Рухаліся па ходніках.

Тым часам з іншага боку плошчы Якуба Коласа кіпела сапраўдная бойка. Там таксама сабраліся сотні людзей — тых, хто быў настроены ісьці ў цэнтар, да помнікаў нацыянальным героям. Былі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Зразумеўшы, што злучыцца з людзьмі, што стаялі ля «Лідо», ня выйдзе, было вырашана ісьці ў Купалаўскі сквэр і ўскласьці кветкі да помніку Янку Купалу. У міліцыянтаў на гэта быў свой погляд — загаду прапускаць людзей у цэнтар гораду, натуральна, не было.

З двароў пачалі выбягаць чорныя шэрагі спэцназаўцаў, расьсякаючы калёну дэманстрантаў на меншыя групоўкі. Пачаліся сутычкі між міліцыяй і ўдзельнікамі акцыі. З вуліцы Казлова падрулілі аўтазакі. Моладзь адцясьнялі ў двары і «пакавалі».

Людзі супраціўляліся, выходзілі на праспэкт, іх падаўлялі. Спэцназаўцы выстраіліся ўздоўж праезнай часткі, а таксама разьбілі сваімі шэрагамі ходнікі, не даючы людзям аб’яднацца ў адзіную калёну.

Нейкія юнакі правялі дзёрзкую акцыю насупраць Акадэміі МУС. Менавіта там зьявілася вялікая расьцяжка «Са сьвятам незалежнасьці!». Зрэшты, Акадэмія ў той момант пуставала.

Міліцыя ўтварыла жывы калідор, па якому вяла людзей і закідала ў аўтазакі. На дручкі і спэцтэхніку маніфэстанты адказвалі дружным скандаваньнем «Фашысты!», а таксама сьняжкамі. У кожнага свая зброя.

Людзей часта валілі на зямлю, вырывалі з рук сьцягі, ламалі дрэўцы штандараў. Некаторых запіхвалі ў аўтазакі ўжо з акрываўленымі тварамі, як тое было з фотакарэспандэнтам «НН» Андрэем Лянкевічам, маладафонтаўцам Артурам Фінькевічам.

Паўтары сотні чалавек у гэтай душагубцы дайшлі, тым ня менш, аж да мосту празь Сьвіслач, дзе іх зноўку чакалі новыя кардоны спэцназу. Зноў пад’ехалі аўтобусы, людзей пачалі адцясьняць да плошчы Перамогі. затрымліваць. Там быў схоплены журналіст «НН» Сямён Печанко, які рабіў жывы рэпартаж з акцыі для nn.by. Частка дэманстрантаў пасьпела спусьціцца ў мэтро і прыехаць на Акадэмію Навук. У прыватнасьці, так зрабіў Лявон Баршчэўскі.

Пакуль старшыня Партыі БНФ дабіраўся да дазволенага ўладамі месца збору, там ужо пасьпеў пачацца мітынг. Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што акурат два гады таму быў затрыманы Аляксандар Казулін, якія і сёньня працягвае знаходзіцца ў турме. Павал Севярынец заклікаў усіх прысутных падтрымаць 27 сакавіка Касю Салаўёву (у той момант яе везьлі ў Партызанскі РУУС), якую вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, а таксама Андрэя Кіма, якога будуць судзіць 1 красавіка. Пытаньне палітвязьняў было цэнтральным падчас мітынгу. Не забыліся таксама і пра крымінальны перасьлед Сяргея Парсюкевіча, а таксама «справу чатырнаццаці».

Севярынец у пары з Баршчэўскім у мэгафон выконвалі гімн «Магутны Божа», пасьля яшчэ прасьпявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Хаця настрой быў ужо зусім не сьвяточны. У большасьці прысутных у пастарунках сядзелі сябры, паплечнікі ці проста знаёмыя.

Зрэшты, і ля Акадэміі Навук правесьці паўнавартасную акцыю ня выйшла. Прыкладна а 19.15 сюды пад’ехала машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Людзям казалі, што правядзеньне мітынгу на гэтым месцы не дазволенае ўладамі. Заклікалі пайсьці на плошчу Бангалор, у адваротным выпадку ўжо традыцыйна палохалі прымяненьнем сілы і крымінальнай адказнасьцю. Моладзь на гэта адказала па‑свойму, абляпіўшы машыну зь якой гучалі пагрозы налепкамі да 90‑годзьдзя незалежнасьці БНР.

АМАП зноў пашыхтаваўся ўздоўж праспэкту, але разганяць акцыю ня сталі. Адно перапынялі спробы працягнуць шэсьце — каля 500 чалавек спрабавалі прарвацца да Нацыянальнай бібліятэкі. Прыкладна а 20.00 дэманстрантаў канчаткова загналі ў мэтро. Нехта паехаў сьвяткаваць Дзень Волі дадому, іншыя — чакаць сяброў і паплечнікаў да РУУСаў.

Вечарам 25‑га зь міліцыі адпусьцілі толькі непаўналетніх, а таксама двух журналістаў літоўскага тэлебачаньня. Агулам у пастарункі Менску было дастаўлена больш за сто чалавек. На большасьць склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулу 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі так ацаніў сёлетні Дзень Волі: «Нават калі скласьці тых усіх, хто прыйшоў і з аднаго боку плошчы Якуба Коласа, і з другога боку, гэта ня ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, што было ў 1996 ці нават у 2006 гадах. Каб нас было хоць удвая болей, да Янкі Купалы дайшлі б! Разам з тым, бывала й горш. Людзі баяцца. І ня кепскага надвор’я ў першую чаргу. Ды яшчэ стукачоў і віжоў усюды столькі, што ў працэнтных адносінах, напэўна. і Трэці Райх, і сталінскі СССР перасягнулі! Нічога, будуць у нас лепшыя часы. Калі людзі зразумеюць, што гэта не апазыцыя ім нечым абавязаная, а яны самі здолеюць дбаць пра свой лёс».

«Улада не вучыцца і не зьбіраецца мяняцца. Яна толькі гуляла ў дэмакратыю з надзеяй атрымаць грошы з Захаду. У душы яна засталася ранейшай», — сказаў пасьля Дня Волі Аляксандар Мілінкевіч.

Сапраўды, як і ў мінулыя гады, паводзіны ўладаў у Дзень Волі больш жорсткія, чым у часе іншых маніфэстацый.

* * *

Сямён Печанко, які вёў ужывую онлайн-рэпартаж з праспэкту, 26 сакавіка быў асуджаны да 15 сутак арышту. Такая цана інфармацыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?