Уступіў у сілу прысуд у дачыненні да 54-гадовага паляўнічага, якога прызналі вінаватым у прычыненні смерці па неасцярожнасці.

Няшчасны выпадак адбыўся 24 ліпеня падчас начнога палявання. 54-гадовы палкоўнік міліцыі ў запасе, які, па дадзеных раённай газеты «Ганцавiцкi час», у 2005-2007 гг. узначальваў сталічную Акадэмію МУС, паляваў разам з таварышам і падлоўчым на дзіка паблізу вёскі Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна.

Да выхаду «ў поле» з паляўнічымі правялі інструктаж, азнаёмілі з правіламі тэхнікі бяспекі. Каля 23.00 абвінавачваны ўбачыў удалечыні чорны сілуэт, прыцэліўся і стрэліў з паляўнічай стрэльбы, мяркуючы, што страляе ў дзіка. Куля трапіла ў галаву яго таварыша. Той загінуў на месцы.

«Суд Ганцавіцкага раёна прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 1 арт. 144 КК (Прычыненне смерці па неасцярожнасці) і прызначыў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на адзін год», — паведаміла пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Вера Філонік.

Акрамя таго суд абавязаў абвінавачанага выплаціць сваякам загінулага 370 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Абвінавачаны не пагадзіўся з сумай шкоды і абскардзіў прысуд. Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 15 снежні знізіла лічбу да 140 мільёнаў рублёў. У астатнім прысуд быў пакінуты без зменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?