Гульня тыднёвай даўніны на «Барысаў-Арэне» прынесла дастаткова камфортную перамогу нашай камандзе – 2:0. Таму ў Фінляндыю можна было ехаць дастаткова спакойна.
Гульня ў горадзе з прыгожай назвай Сейняйёкі пачалася для беларускага клуба з серыі «лепш і не прыдумаеш». Ужо на 29-ай хвіліне барысаўцы выйгравалі з лікам 2:0. Спачатку Аляксей Рыас знайшоў Аляксандра Карніцкага, а пасля сам Карніцкі адплаціў той жа манетай Рыасу.
Па суме двух гульняў лік стаў проста непрыстойным 4:0. Пасля гэтага БАТЭ, скажам шчыра, даў слабіну. Цяжка захоўваць канцэнтрацыю, калі ты перамагаеш настолькі ўпэўнена.
Спачатку на 44-ай хвіліне адзначыўся Нгуекам. А на 61-ай Рыскі зрабіў лік роўным – 2:2. Пры другім голе не вельмі ўпэўнена згуляў наш брамнік Сяргей Верамко.
БАТЭ праходзіць у наступны раўнд, але шкада страчаных для рэйтынга краіны балаў. У наступным раўндзе БАТЭ згуляе з пераможцам пары «Хабнарф’ёрдзюр» (Ісландыя) – «Дандалк» (Ірландыя). Першы матч каманд скончыўся з лікам 1:1. Заўтра будзе гульня ў адказ.