Багдан Арлоў

Напярэдадні першага паўфінала да мяне прыехалі госці — гішпанец і немка. Патэлефанаваў сябар і сказаў, што паставіў 50 даляраў на тое, што зборная Расіі стане пераможцам першынства Старога Свету. Усе навокал толькі і казалі, што пра рэванш зборнай Хідынка над Гішпаніяй ды пра фінал Турцыя — Расія. ЕЎРА было ў зеніце.

Гэты Чэмпіянат Еўропы стаў сапраўды футбольным. Футбол — гэта калі перад пачаткам гульні ты нічога не можаш сказаць наконт канчатковага выніку. Футбол — гэта калі сітуацыя на полі дыяметральна мяняецца за пару хвілін. Футбол — гэта круглы мяч, больш за два дзесяткі амбітных мужыкоў ды непрадказальныя нейроны ў галаве арбітра. Футбол — гэта ўспацелыя далоні памочнікаў суддзі, што сціскаюць сцяжок, які ледзь ці не кожны заўзятар марыць убачыць у адным месцы, самі здагадайцеся — чыім. Футбол — гэта слізкае поле і невялікія купінкі на ім, якія могуць вырашаць вялікія футбольныя лёсы, проста крыху змяніўшы палёт футбольнага снарада. Футбол — гэта калі ты гуляеш да апошняй секунды і яшчэ трохі болей.

Туркі былі годныя фінала. І яны б туды трапілі, калі б іх брамнік Рюшцю, як кажуць у дваравых баталіяй, «крыў бліжні». Хочаш быць еўрапейскім чэмпіёнам — лаві мяч. Усё проста. Надта ж хацелася, каб туркі пралезлі ў фінал — настолькі фантастычна‑нерэальнымі былі іх «камбэкі» ў разборках са славянскімі зборнымі — спачатку з чэхамі, а пасьля ў чвэрцьфінале з харватамі. Што ж, фарт сканчваецца — і гэта таксама футбол. І зборная Нямеччыны ў фінале — таксама футбол.

А Расія чакала, чакала, чакала… Гішпанцам прагназавалі такі жорсткі рэванш, што можна было нават не выходзіць на поле. Пасля чвэрцьфінальнага трыюмфу зборнай Расіі над Нідэрландамі рускім ЕЎРА было па калена. Але чакаў зборную Хідынка халодны душ — і нават гэты супер‑трэнер нічога не здолеў зрабіць з запланаваным пірэнейскімі быкамі адключэннем гарачай вады. Гульні гішпанцаў з нашымі ўсходнімі суседзямі склалі палову буйных перамогаў, зафіксаваных на Чэмпіянаце Еўропы. І ўсё адно рускія — малайцы. Хаця ў фінал ім яшчэ было ранавата.

І вось — яно. Першыя асобы дзвюх дзяржаваў — Меркель і Сапатэра — жыўцом глядзяць гульню. Немцы наступаюць — пляскае ў ладкі Ангела, гішпанцы лупяць міма — шлёпае сябе па каленцы Хосэ Луіс. Весела! Першы тайм — адно дыханне. Футбол, якім ён павінен быць. І сімпацяга Торрэс забівае. «Ну, зараз пачнецца» — праносіцца салодкая думка ў галаве. 1:1, 2:1, 2:2, а там…. А там той самы футбольны экстаз — калі міліметры вырашаюць, колькі людзей атрымаюць інфаркты ў Мадрыдзе, Сарагосе ды якой‑небудзь малюпасенькай Вілья‑Ромарэдзе і колькі «Егермайстэру» пальецца ракой ад Кіля да Мюнхена. Альбо наадварот, толькі з розьніцай у назвах напояў.

Ды толькі не атрымалася інтрыгі. Занадта моцна «Чырвоная фурыя» хацела выйграць Чэмпіянат Еўропы — апошні раз яна рабіла гэта ажно 44 гады таму. «Футбольныя імпатэнты» — так называлі зласліўцы зборную Гішпаніі, якая ўжо колькі гадоў на топ‑турнірах бясслаўна вылятала задоўга да фінальных матчаў. А калі вас часта называюць імпатэнтам, то, згадзіцеся, хочацца прылюдна прадэманстраваць адваротнае. Так, доўга не думаючы, і зрабілі гадаванцы амаль сямідзесяцігадовага Луіса Араганэса. Гол Торрэса стаў адзіным у гульні, хаця яшчэ парачку маглі беднаму Леману і засунуць. А немцам ўсё ж яшчэ трэба патрэніравацца гуляць у татальны футбол — занадта доўга яны практыкавалі свой адмысловы сухі нямецкі.

Калі гішпанцам нешта ўдаецца, яны кажуць: «У нас ёсць яйкі». «Квадратныя!» — усцешана удакладняе нехта дасціпны. І сапраўды, каб атрымаць шэсць перамогаў у шасці матчах на ЕЎРА простых будзе не дастаткова. Трэба квадратныя.

Пасля фінальнага свістка страшна захацелася куды‑небудзь на мадрыдзкія вуліцы — магчыма таму, што я заўсёды адчуваў нейкія агульныя рысы паміж нашай і іхняй ментальнасцямі. Гішпанцы давялі прынамсі ўсёй Еўропе, што яны нешта могуць. Магчыма, і нашая дружына каму‑небудзь хутка што‑небудзь давядзе?.. Напрыклад, на Чэмпіянаце свету ў Паўднёвай Афрыцы праз два гады. Хаця для нас першая планачка пакуль — проста трапіць на які‑кольвек топ‑турнір…

…Я садзіў сваіх гасцей — гішпанца і немку — на берлінскі цягнік у дзень фінала. Да пачатку гульні заставалася каля сямі гадзін. Яны папрасілі паслаць ім sms‑паведамленне пра вынік фінальнага аккорда ЕЎРА — двубою Нямеччыны і Гішпаніі. Праз дзевяць гадзінаў я даслаў ім: «Гішпанія выйграла 1‑0». І паставіў смайлік.

Багдан Арлоў, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0