Зараз на платформе праектаў Talaka.by ідзе збор сродкаў на выданне новага гісторыка-прыгодніцкага рамана Людмілы Рублеўскай «Дагератып». Аўтарка стварыла дэкадансны твор, калі дзеянне плаўна перацякае з сучаснасці ў гістарычнае мінулае, прытым два зрэзы ў часе непарыўна звязаныя між сабою.
Гісторыя, апісаная ў рамане, пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць загадкавыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотастудыі ў правінцыйным беларускім мястэчку, прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem — здымках нябожчыкаў, вымушаныя адправіцца ў экспедыцыю, каб зафіксаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы… Далей пачынаюцца папросту неверагодныя, містычныя падзеі.