Навукоўцы ўпершыню выявілі аміяк ў верхніх пластах трапасферы — самага нізкага пласта атмасферы Зямлі.
wikimedia.org
Аміяк выкідваецца ў атмасферу жывёлагадоўчымі гаспадаркамі, а таксама пры залішнім угнаенні глебы. Найвышэйшую канцэнтрацыю аміяку выявілі над Індыяй і Кітаем, чые эканомікі ў апошнія гады растуць найбольш актыўна, піша Sciencealert.
Трапасфера — пласт атмасферы на вышыні 7-20 кіламетраў над узроўнем мора. Гэта амаль 80% усёй атмасферы зямлі, менавіта тут адбываюцца ўсе метэаралагічныя з'явы.
Каманда даследчыкаў з тэхналагічнага інстытута Карлсруэ ў Германіі прааналізавала спадарожнікавыя дадзеныя з розных частак трапасферы ў прамежку паміж чэрвенем 2002 і красавіком 2012 года, а таксама параўнала паказчыкі розных трохмесячных перыядаў.
Аміяк — хімічнае злучэнне азоту і вадароду — быў знойдзены на вышыні 12-15 кіламетраў над узроўнем мора ў раёне азіяцкага мусону. Аміяк у канцэнтрацыі 33 малекулы на трыльён малекул паветра зафіксавалі над поўначчу Індыі і паўднёвым усходам Кітая. Першыя прыкметы аміяку ў атмасферы знайшлі на вышыні каля 10 кіламетраў.
Даследчыкі тлумачаць, што сельская гаспадарка можа граць ролю ў фармаванні аэразоляў у трапасферы. Аэразолі — маленькія часціцы з вельмі дробных цвёрдых часціц і вадкіх кропель, якія ў атмасферы граюць ролю «ядраў» кандэнсацыі, спрыяюць утварэнню аблокаў і ўплываюць на ўласцівасці існуючых аблокаў.
У NASA патлумачылі, што аэразолі могуць уплываць на памер і структуру аблокаў, а таксама іх здольнасць адлюстроўваць сонечныя прамяні, прыводзячы да туманаў і больш чырвоных заходаў і ўсходаў сонца. Магчыма, яны здольныя такім чынам змякчыць наступствы глабальнага пацяплення. Лічыцца, што назапашванне аэразоляў ў трапасферы можа аказаць астуджальны эфект, часткова кампенсуючы антрапагенны парніковы эфект.