Пасьля паловы чэмпіянату на першым месцы ўпэўнена трымаецца трыюмфатар двух апошніх першынстваў барысаўскі БАТЭ. У суботу каманда Віктара Ганчарэнкі досыць упэўнена перамагла ў гасьцях «Віцебск» – 2:0. БАТЭ выйграе ўжо ў васьмі матчах запар, а ў пятнаццаці апошніх – не прайграе. Дарэчы, гульня з БАТЭ стала апошняй на трэнэрскім мосьціку віцяблян для Юры Канаплёва. Новым рулявым «Віцебску» прызначаны былы гулец зборнай Беларусі і кіеўскага «Дынама» Аляксандар Хацкевіч.

Прадстаўнікі Беларусі ў Кубку ЎЭФА МТЗ-РІПА і «Гомель» скончылі першы круг чэмпіянату матчам на мокрым «Трактары». Гаспадары аказаліся мацней – 3:1. Такім чынам, менавіта МТЗ-РІПА зьяўляецца галоўным супернікам барысаўцаў.

На трэцяе месца пасьля цяжкой хатняй перамогі над «Савітам» (3:2) залезла менскае «Дынама». Аб’ектыўна кажучы, «дынамаўцам» будзе цяжка складаць канкурэнцыю БАТЭ і МТЗ-РІПА ў спрэчцы за першае месца, але «бронзе» самага тытулаванага беларускага клюбу наўрад нешта пагражае.

Астатнія матчы пятнаццатага туру прынесьлі наступныя вынікі: «Дынама» (Берасьце) – «Лякаматыў» – 1:0, «Нёман» – «Граніт» – 0:1, «Тарпэда» – «Нафтан» – 0:3, «Дняпро» – «Смаргонь» – 5:0, «Дарыда» – «Шахцёр» – 0:2.

Турнірная табліца мае наступны выгляд: БАТЭ – 37 пунктаў, МТЗ-РІПА – 32, «Дынама» (Менск) – 27, «Віцебск» – 25, «Нафтан» – 24, «Шахцёр», «Дняпро» – па 23, «Дынама» (Берасьце) – 22, «Граніт», «Тарпэда» – па 18, «Гомель», «Смаргонь» – па 16, «Нёман» – 15, «Савіт» – 13, «Лякаматыў» – 11, «Дарыда» – 7.

Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца Арцём Канцавы (МТЗ-РІПА) – 12 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?