«Маё сэрца біцца перастала» («De battre mon coeur s’est arrеte», Францыя, 2005)

Француская стужка, афіцыйна прызнаная найлепшай у краіне за мінулы год, – рэмэйк амэрыканскага фільму «Пальцы» Джэймса Тобака.

«Маё сэрца біцца перастала» ўяўляе сабой цікавы прыклад таго, калі не Галівуд робіць рэмэйк нейкага замежнага фільму, каб прывабіць амэрыканскага гледача, а наадварот, эўрапейскі рэжысэр Жак Адыяр («Чытай па вуснах») робіць сваю пераапрацоўку работы галівудзкага стваральніка. Дый тэндэнцыя тут супрацьлеглая, мэта – пераасэнсаваньне, а не прымітывізаваньне.

Малады чалавек гадоў пад трыццаць (галоўную ролю выконвае Рамэн Дзюры, вядомы па стужках «Прыгажуні», «Арсэн Люпэн»), які працуе на свайго бацьку і займаецца паўкрымінальным бізнэсам, у нейкі момант вырашае стаць піяністам, як і яго маці. Гэта фільм пра наканаваньне, пра выбар, пра неадназначнасьць, пра тое, што не існуе ні чоранага, ні белага, ні добрага, ні дрэннага, а часам ты ўсё адно робіш выбар паміж імі. Як зьняць такое кіно без патасу? Спытайце ў Адыяра.

«Тыгр і сьнег» («La tigre e la neve», Італія, 2005)

Стужка, што зьяўляецца і камэдыяй і драмай, але распавядае і пра каханьне, і пра вайну, прысьвечана гісторыі італьянскага паэта, што праз каханьне апынуўся ў Іраку падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Рэжысэр фільму, Рабэрта Бэніньі («Кава і цыгарэты», «Жыцьцё цудоўнае») не знайшоў лепшага актора за сябе на галоўную ролю і, магчыма, меў рацыю. Ідэальнае спалучэньне гумару, суму, аптымізму, здольнасьці бачыць несур’ёзнае ў сур’ёзным і рабіць гэта непавярхоўна – гэта тое, у чым Бэніньі майстар.

«Схаванае лязо» («Kakushi-ken: oni no tsume», Японія, 2004)

Ня мае сэнсу казаць пра сюжэт японскага кіно, якой бы складанай ці простай ні была фабула фільму, пасьля прагляду ўсё адно высьветліцца, што кіно зусім не пра гэта, а пра іншае бачаньне сьвету. Тым, хто зь японскім кіно знаёмы, гэта зразумела, а для астатніх – гэтая стужка добрая нагода распачаць знаёмства, бо ў фільме ёсьць усё: гісторыя, традыцыі, каханьне, палітыка. Прыхільнікаў японскага вайсковага майстэрства прыйдзецца расчараваць, боек у фільме няшмат, але аматары японскага кіно ведаюць, што сапраўдны японскі дух зусім ня ў гэтым.

«Майстэрства прыгожа расставацца» («Un fil а la patte», Францыя, 2005)

П’есам францускага драматурга часоў Прыўкраснай Эпохі Жоржа Фэйдо ўласьцівыя лёгкасьць, тонкі гумар і бесклапотнасьць, усё тое, чым прываблівае цудоўны пэрыяд на пачатку мінулага стагодзьдзя. Складаныя сюжэты, лёгкая іронія, кпіны забясьпечылі п’есам Фэйдо доўгае жыцьцё на тэатральных сцэнах і ў кіно.

Твор Фэйдо, назоў якога літаральна перакладаецца як «Зьвязаны па руках і нагах», экранізуецца далёка ня першы раз, але затое ўпершыню ў ім здымаецца эратычная Эмануэль Бэар («Наталі», «8 кабет»), што грае гераіню, якую хоча кінуць яе каханак, але з францускай кабетай так проста не разлучысься, тут не абыдзецца бяз жарсьці, напалу, яскравых эмоцыяў і ўздыхаў.

На жаль, стваральнікі стужкі занадта далёка адышлі ад арыгіналу, а ад іскрыстага гумару Фэйдо, ад яго жартаў і іранічнасьці, выкшталцонасьці і досьціпаў засталіся толькі ўздыхі і вадэвіль, што зацікавіць можа ня кожнага, ты ня менш кажуць, што ў францускіх кабетах ёсьць нешта такое прыцягальнае, чым можна апраўдаць прагляд і такой стужкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0