Аляксандар Лукашук у вянок Аляксандру Салжаніцыну.

Упершыню патрапіўшы ў Амэрыку на самым канцы 80-х, я папрасіў амэрыканскіх сваякоў завесьці мяне ў мястэчка Кавэндыш, дзе ў ссылцы жыў Салжаніцын.

Мы спыніліся ля невялікай крамы, дзе, як я ўведаю пазьней, рабілі пакупкі і жыхары сядзібы «Пяць ручаёў», і адразу пабачылі налепленую на шкло абвестку:

«Мы не даем адрасу Салжаніцыных».

Я купіў паштоўку, напісаў нешта кшталту, што вось, стаю тут, дыхаю адным паветрам з Салжаніцыным і паслаў сябру ў Менск, на адрас Вярхоўнага Савету Беларусі. Паштоўка ідзе дагэтуль.

Шлях да Салжаніцына ў кожнага свой.

Прачытаўшы ўпершыню яшчэ ў школе забаронены ўжо «Адзін дзень Івана Дзенісавіча», я быў расчараваны – апавяданьне было напісана занадта проста, як сачыненьне, адзін дзень ад пачатку да канца – і ўсё. Не заўважыў нават небывалую музыку першага абзаца:

«В пять часов утра, как всегда, пробило подъём – молотком об рельс у штабного барака. Перерывистый звон слабо прошел сквозь стёкла, намерзшие в два пальца, и скоро затих: холодно было, и надзирателю неохота была долго рукой махать».

Магчыма, гэта найлепшы пачатак твора расійскай літаратуры ХХ стагодзьдзя, самая магічная яе нота, якая працягвае гучаць, пакуль ёсьць памяць.

У Экібастузе, цэлы дзень цягаючы насілкі з цэмэнтным растворам, АС упершыню падумаў, што даволі апісаць адзін дзень зэка – звычайны, без асаблівых здарэньняў, і гэтага досыць, каб перадаць пекла лягера.

Празь дзевяць гадоў публікацыя ў «Новом мире» – з дазволу Хрушчова і палітбюро, зрабіла яго сусьветна вядомым – але не зьмяніла яго самога і ягонай мэты. «Архипелаг Гулаг» адкрывае прысьвячэньне:

«Посвящаю всем, кому не хватило жизни об этом рассказать. И да простят они мне, что я не всё увидел, не всё вспомнил, не обо всём догадался».

Менавіта гэтая задача – успомніць, вярнуць мову тым, каму не хапіла жыцьця пра гэта расказаць, рухала мяне і сяброў, калі мы пачалі запісваць беларускія ўспаміны вязьняў Гулагу, стваралі «Камітэт-58», які потым стаў «Мартыралёгам Беларусі», працавалі ў архівах, пісалі кнігі, здымалі кіно, баранілі Курапаты.

Салжаніцын настолькі вялікі, што да яго, здаецца, падыходзяць розныя вызначэньні. Ён – рускі нацыяналіст і шавініст (і гэта аўтар, кнігі якога населены любоўна выпісанымі літоўцамі і украінцамі, габрэямі і беларусамі, эстонцамі і казахамі). Ён – праваслаўны аятала (які першы адкрыта кінуў выклік Маскоўскай патрыярхіі, абвінаваціўшы яе ў страце веры). Ён патрабуе немагчымага («Жить не по лжи»). Ён – палітык і не мастак, няздольны ацаніць літаратурную прыгажосьць (гэта – пра чытача, які называў раман Булгакава «Майстар і Маргарыта» чароўным, які, карыстаючыся сваім правам Нобэлеўскага ляўрэата, вылучыў на гэтую прэмію Ўладзімера Набокава.)

Сёлета ў Расеі выйшла аўтарызаваная біяграфія Салжаніцына, яе аўтар, вядомая дасьледніца творчасьці Дастаеўскага Людміла Сараскіна, у якасьці эпіграфа паставіла словы свайго героя:

«Я хотел быть памятью. Памятью народа, который постигла большая беда».

Цяпер аўтар – па той бок, там, дзе ягоныя героі, мільёны растраляных, закатаваных, зьнішчаных.

Памяць цяпер – справа жывых.

В.П.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?