Нават зачынены ралет можа багата расказаць пра гаспадара |
Крамка Алеся Таўстыкі месьціцца на ждановіцкім радыёрынку ў чацьвёртым шэрагу пад нумарам 1068 (недзе вось тут). Што праўда, неўзабаве на гэтым месцы паставяць чарговы гандлёвы комплекс, а радыёгандляроў пераселяць у іншае месца. Куды — яны й самі да канца ня ведаюць. Зрэшты, знайсьці яе будзе няцяжка — незвычайнага гандляра ведаюць тут усе.
(Мілінкевіч не прадаецца) |
Беларускамоўнасьць — праверана на практыцы — важны бізнэс‑чыньнік. Ня проста сродак зносінаў, а пэўная рэкамэндацыя чалавеку. Таму й склалася вакол крамкі кола сталых кліентаў. Тыя й не хаваюць, што пры іншых роўных — беларушчына пераважвае.
А мікрафоны замест «раз, раз» можна правяраць словамі з саматужнай азбукі, напрыклад — «ровар, рогат» |
Прыхільна ставяцца да беларускамоўнага гандляра і суседзі па рынку. Хто‑ніхто зь іх сам спрабуе размаўляць па‑беларуску. Бывае, зь іншага кірмашовага канца хто прыйдзе ўзяць чытва па‑беларуску, пазычыць падрунік мовы. А ў гаспадара заўжды напагатове ля гаджэтаў стос газэтаў. На ўра ідуць нат старыя нумары НН.
Звычайны асартымэнт незвычайнай крамкі |
Спэцыяльна заходзяцца й прафэсійныя скандалісты. Упэўненай хадой крочаць тыя да крамкі й усчынаюць лямант: «Я на вашай украінскай нічэво не панімаю», «Надаела эта беларуская мова», «Гавары па‑нармальнаму».
Тавар у Таўстыкі не эксклюзіўны — калі ўжо гэтак нясьцерпныя звонкае «дз» і густое «чаго». Ад жа ж рэдка здаралася так, каб які пакупнік чаго не зразумеў. Тавары з лаўкі Таўстыкі ёсьць у хатах і простых працаўнікоў, і міліцэйскіх чыноў. Скуль ведае? У такой незвычайнай крамцы неяк само выходзіць, што пакупкі без размовы не бывае.