Пракурорам Іванаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) спынена спроба незаконнага накіравання грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Генеральнай пракуратуры, аб тым, што ўчастковы Іванаўскага РАУС неабгрунтавана хоча накіраваць у ЛПП на прымусовае лячэнне ад алкагалізму жыхара вёскі Рудск, пацярпелы паведаміў на ўласным прыёме ў раённага пракурора.

Праверкай устаноўлена, што ўчастковы інспектар на глебе ўласных непрыязных адносін сфальсіфікаваў дакументы, неабходныя для звароту ў суд аб непрымяненні мер прымусовага лячэння ад алкагалізму, вынес падложную пастанову ад імя начальніка РАУС аб накіраванні грамадзяніна ў бальніцу для ўстанаўлення дыягназу аб хранічным алкагалізме, фіктыўна ўказаўшы, што ён шматразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку ў стане алкагольнага ап'янення.

У выніку мужчына незаконна быў пастаўлены на ўлік ва ўрача-нарколага. Затым па сфабрыкаваных матэрыялах судом Іванаўскага раёна было вынесена рашэнне аб накіраванні яго на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах ЛПП, хаця той меў пастаяннае месца працы, дзе станоўча характарызаваўся.

Па пратэсце пракурора раёна гэтае рашэнне суда адменена. У адносінах да ўчастковага інспектара распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?