«Залатога льва» 65-ага Вэнэцыянскага кінафэсту, што завершыўся 6 верасьня, атрымаў рэжысэр Дарэн Араноўскі. Прыз дастаўся стужцы «Барэц» зь Мікі Руркам.

Герой карціны – стары спартовец, які выходзіць на рынг, нягледзячы на свой век.

«Трэба найперш падзякаваць Мікі Рурку за тое, што ён адкрыў сэрца й душу перад камэрай і нагадаў сьвету, які ён таленавіты актор», — сказаў Араноўскі па атрыманьні прыза.

Шырокай публіцы 52-гадовы Мікі Рурк вядомы па эратычнай драме «9 ½ тыдняў», але актор здымаўся і ў сур’ёзных фільмах.

Старшыня журы, кінарэжысэр Вім Вэндэрз раскрытыкаваў правілы Вэнэцыянскага фэсту, згодна зь якімі карціна, што атрымлівае «Залатога льва» ня мае правоў на іншыя ўзнагароды. Вэндэрз мяркуе, што галоўная мужчынская роля фэсту – сыграная Мікі Руркам у фільме Араноўскага.

У сваю чаргу актор прыгадаў, што «два гады таму Араноўскі прыяжджаў сюды – і плюхнуўся на азадак». Фантастыка-містычная карціна Аранофскага «Фантан» правалілася на фэсьце ў 2006 годзе. Але рэжысэру хапіла сьмеласьці вярнуцца ў Вэнэцыю, каб прадставіць суворую драму.

«Срэбнага льва» за найлепшую рэжысуру атрымаў Аляксей Герман-малодшы за стужку «Папяровы жаўнер»; яе ж узнагародзілі за найлепшую апэратарскую працу. Найлепшай актрысай назвалі францужанку Дамінік Бланк («Астатнія»), акторам – Сільвіа Арланда (роля бацькі ў фільме Пупа Аваці «Тата Джавані»).

Адмысловы прыз журы дастаўся эфіёпскай стужцы «Тэза».

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?