Білеты на матч Лігі чэмпіёнаў УЕФА паміж барысаўскім БАТЭ і мадрыдскім «Рэалам», які пройдзе на мінскім стадыёне «Дынама» 25 лістапада, будуць прадавацца «па старой схеме», паведаміў 10 лістапада сайт Беларускай федэрацыі футбола.

«Частка білетаў будзе перададзена ў Барысаў, частка пойдзе ў касы. Астатнія будуць распаўсюджвацца праз АБФФ «Падарожжа» па безнаяўным разліку.
Паводле інфармацыі друкарні, білеты яшчэ не гатовы. Паводле папярэдніх звестак, яны будуць у продажы з 17 лістапада», — гаворыцца ў паведамленні.

***

6 лістапада, пасля матчу з санкт‑пецярбургскім «Зенітам», на сайце БАТЭ з’явілася адозва клуба да балельшчыкаў, у якой зазначалася, што фанатаў расійскай каманды на стадыёне «было значна больш, чым ім было выдзелена білетаў і пропускаў згодна з міжклубным пагадненнем».

«У свой час па рэкамендацыі футбольнага клуба БАТЭ барысаўскаму гарадскому стадыёну было прадастаўлена каля 9 тыс. білетаў для іх распаўсюджвання ў Барысаве. Мы вельмі разлічвалі, што яны трапяць у рукі прыхільнікаў каманды, якія па‑сапраўднаму падтрымаюць нашых хлопцаў. Але якім жа было наша здзіўленне і які шок мы зведалі, калі ў сектарах, білеты ў якія прадаваліся ў Барысаве, львіная доля месцаў аказалася занятая балельшчыкамі «Зеніта». Гэта азначае, што значная частка запаветных квіткоў яўна не без дапамогі нячыстых на руку барысаўчан была перанакіравана ў Санкт‑Пецярбург, замест таго каб апынуцца ў тых, хто сапраўды перажывае за БАТЭ», — гаварылася ў адозве.

Аналагічная сітуацыя, канстатаваў клуб, склалася і з запаўненнем ложаў. Пропускі ў іх выдзяляліся кіраўніцтвам ФК БАТЭ спонсарам, партнёрам, блізкім да клуба людзям. Аднак прадстаўнікі «Зеніта» былі і тут. Перадачу і продаж запрашальных білетаў прыхільнікам каманды саперніка клуб успрыняў

як «подлы ўдар у спіну».

ФК БАТЭ заявіў, што ў хуткім часе будзе вымушаны «прыняць шэраг мер, каб прадухіліць узнікненне такіх сітуацый у будучыні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?