Менск. Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца, пераклад Малгажаты Бухалік Czarne, Wołowiec

Сталіца Беларусі — Горад Сонца? Гэта, мабыць, нейкая памылка, — падумаў я, калі даведаўся пра гэты незвычайны даведнік пра Менск. Стэрэатып Менску як аднаго з самых непрыгожых гарадоў былога СССР быў закладзены ў маё ўяўленне настолькі трывала, што мне ніколі не прыходзіла думкі пазнаёміцца зь ім бліжэй. Сталіца Беларусі ўяўлялася мне рыхтык варшаўскім MDM’ам [польск. Marszałkowska Dzielnica Mieszkaniowa — маршальскі жылы квартал) — раён Варшавы, пабудаваны ў 1950—1952 гг. на ўзор сацыялістычнай архітэктуры, першая забудова такога кшталту ў паваеннай Варшаве.]

Тым часам Клінаў, які ўжо сталым захапіўся менскім сацрэалізмам, бо, на думку пісьменьніка, ён ня мае роўных сабе ў былым СССР, параўноўвае архітэктуру будынкаў у цэнтры Менску з сакральнымі пабудовамі, бачачы ў ёй сьвецкую рэалізацыю эстэтычнае ўтопіі камунізму.

Назву «Горад Сонца» — цалкам парадаксальнае азначэньне для бурага цягам большае часткі году Менску — Клінаў пазычыў з трактату Тамаза Кампанэлы пра ідэальную краіну вялікай утопіі. І такім чынам — дастасоўваючы гэты панятак да апісаньня ўтопіі — Клінаў піша пра Менск і пра Беларусь. Так, ёсьць краіна вялікай радасьці, ёсьць людзі, што спрабуюць паверыць у ілюзію шчасьця, ёсьць нават прэзыдэнт — Вялікі Мэтафізык — сучасны рэалізатар ідэі ўтопіі.

Клінаў знайшоў новы і арыгінальны спосаб апавесьці пра Менск і пра Белагусь увогуле. У аповесьці гэтай ёсьць доля іроніі, але ёсьць і любоў, нават захапленьне сваім горадам. Клінаў паказвае іншае аблічча Беларусі, якая ў Польшчы несправядліва асацыюецца адно з постсавецкім калгасам. Бо сярод дзяржаваў, што мяжуюць з намі на ўсходзе, Беларусь насамрэч вядомая нам найменш.

Расея — безумоўна: імпэрыя, вялікая культура, нафта і газ, праваслаўе. Украіна за апошнія гадоў дзесяць неяк здолела прабіцца да польскай сьвядомасьці. Усё радзей мы глядзім на ўкраінцаў праз прызму Галіцыі, польскасьць Львова, блытанай гісторыі. Мы паважаем іхнае імкненьне аднавіць нацыянальную ідэнтычнасьць, захапіўшыся парывам памаранчавай рэвалюцыі. Усё часьцей трапляюць у Польшчу ўкраінскія творцы. Літва, зь якой мы разам у Эўрасаюзе, — такая блізкая, што амаль не здаецца экзатычнай. А Беларусь — усё яшчэ terra incognita. У сьвядомасьці — адны стэрэатыпы: Лукашэнка, вялікі калгас, апошняя дыктатура сучаснай Эўропы, аўтарытарызм, перасьлед палякаў.

Таму кніга Артура Клінава запаўняе вялікую лакуну. Адбываецца гэта абсалютна дзівосным чынам, і разам з тым праўдзіва, без фотамантажу, рэтушы і падробкі. Гэта ня толькі даведнік, але і мэтафарычны аповед пра тую Беларусь, самаўсьведамленьне якой, толькі пачаўшы расьці, было адразу ўтаптанае ў зямлю. Найлепей гэта відаць у Менску, дзе матэрыяльныя сьляды ранейшае культуры шматнацыянальнага і шматканфэсійнага гораду Рэчы Паспалітай практычна зьніклі.

Гэтую культуру замяніла савецкая ўтопія. Клінаў — што дзіўна — ня ставіцца да яе зь нянавісьцю, а асвойвае, спрабуючы спалучыць яе з праэўрапейскай сьвядомасьцю маладога беларуса — патрыёта і дэмакрата. Клінаў напісаў кнігу для нямецкага выдаўца, які палічыў, што немцам варта патлумачыць, што такое Беларусь. Тут магчымыя пэўныя спрашчэньні, бо сярэднестатыстычны паляк усё ж болей, чым немец, ведае пра гісторыю Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Але цяпер вядзецца пра іншы погляд на гісторыю — з пазыцыяў гэтай кнігі. Захапляе маляўнічае апісаньне гораду, зачароўвае падарожжа Клінава ў краіну ягонага дзяцінства, калі беларуская сталіца яшчэ мела больш за адно вымярэнне, хоць Савецкі Саюз тады ўсё ж квітнеў. Сёньня ўтапічны Горад Сонца можна разглядаць як помнік. Можа быць, як‑небудзь надарыцца яго наведаць, гэтаксама як бэрлінскую сьцяну альбо яшчэ адзін помнік сацрэалізму — Нову Гуту.

Клінаў жартуе, што напісаў кнігу дзеля грошай, каб ажыцьцявіць турыстычны праект. Штосьці ў гэтым ёсьць. Пасьля прачытаньня ягонай кнігі ў мяне зьявілася жаданьне зьезьдзіць у Менск. Варта адкрыць Беларусь, пра якую не прачытаеш у газэтах.

***

Размова з Артурам Клінавым

Марцін Вайцяхоўскі: Менск — гэта сымбаль кепскай сацыялістычнай архітэктуры, паўсталай на руінах камэрнага, мультыкультурнага гораду. А Вы міфалягізуеце гэтую архітэктуру, захапляецеся ёю. Як гэта магчыма?

Артур Клінаў: У маладосьці я таксама не любіў Горад Сонца. Ён мне здаваўся агідным. Я захапляўся архітэктурай Вільні, якая цягам гадоў была для мяне ўзорам ідэальнага гораду. Але калі ўжо мы атрымалі з космасу піраміду, што стаіць сёньня ў цэнтры Менску, трэба неяк прывыкаць. Горад Сонца ня мае нічога агульнага з сармацкай культурай альбо з традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага. Гэта падарунак утопіі. Зрэшты, вельмі дзіўны падарунак. У Менску яшчэ засталіся куткі старога гораду многіх культураў. Якім чынам яны адносяцца да Гораду Сонца?

Горад Сонца — гэта горад у горадзе, штосьці кшталту Забароненага Гораду ў Пэкіне. Сакральны горад з выразна акрэсьленымі межамі: гэта пас, што цягнецца з усходу на захад, даўжынёй 7‑8 кілямэтраў і шырынёй 2‑4 кілямэтры. Яго ўнікальнасьць у тым, што больш нідзе ў СССР не атрымалася збудаваць такі велізарны комплекс на ўзор сацрэалістычнай архітэктуры. Савецкі Саюз хацеў пабудаваць на зямлі краіну ўсеагульнага шчасьця. Гэта была ўвогуле неблагая канцэпцыя ідэальнага грамадзтва. Адно што неажыцьцяўляльная. Але ў архітэктуры яе ўвасобіць атрымалася. Бо ў рэчаіснасьці ўтопію ажыцьцявіць немагчыма, а ў архітэктуры, мастацтве — можна. У Менску паўстала такая ілюзія, дасканалыя дэкарацыі, сцэнаграфія вялікай утопіі. У яе заставалася толькі паверыць, і многія верылі. Гэта было штосьці кшталту сну, гіпнозу, магіі.

Але ня ўсе хацелі верыць ва ўтопію.

Спачатку скептыкаў было нават болей, чым энтузіястаў. Але іх высылалі ў Сібір, расстрэльвалі за межамі гораду, і нарэшце большасьць паверыла. Такой была логіка тае ілюзіі: нявернікаў належала ліквідаваць, каб яны не перашкаджалі верыць іншым. А для астатніх трэба было стварыць дасканалыя дэкарацыі. У Менску гэта цудоўна атрымалася.

Я назваў мой Менск Горадам Сонца, памятаючы пра клясычны твор Тамаза Кампанэлы з такой самай назвай, у якім паўстала рэнэсансавая ўтопія.

У былым СССР шмат гарадоў можна назваць Гарадамі Сонца.

У іншых гарадах — Маскве, Кіеве, Валгаградзе, Растове, Тамбове — Гарады Сонца толькі выспы, маленькія кавалачкі тых дэкарацыяў. У Менску атрымалася пабудаваць цэлы горад. У Маскве ёсьць фантастычныя фрагмэнты, узяць хаця б сталінскія хмарачосы, але ўсё ж гэта толькі кавалкі. Бальшавікі не насьмеліліся зьнішчыць сэрца старое Масквы, Крэмль, сабор Васілія Блажэннага на Краснай плошчы, Арбат. Там іхная рука задрыжала. А ў Менску — не. Ім бадай што і вайна дапамагла. Менск практычна ўвесь разбурылі.

Так, але гэта зрабіла савецкая авіяцыя, а ня немцы. З восені 1941 г. горад мэтадычна бамбардавалі савецкія самалёты. Налёты працягваліся аж да вызваленьня гораду Чырвонай Арміяй. Ня ведаю, ці было гэта запланавана, але такое ўражаньне, што савецкія бамбардавальнікі падрыхтавалі месца пад будучую будоўлю. Найважнейшыя пункты Гораду Сонца паўсталі яшчэ да вайны. Быў пабудаваны Дом ураду, опэрны тэатар, гмах Акадэміі навук, Палац афіцэраў. Цікава тое, што гэтыя будынкі не пацярпелі ад налётаў, хоць былі велізарныя і зручныя для прыцэльваньня. Самалёты відавочна не хацелі іх нішчыць, бо гэтыя будынкі павінныя былі ўвайсьці ў склад яшчэ большага Гораду Сонца. І так сталася. Ідэальны горад будаваўся ў Менску да канца 1950‑х гадоў. Потым гэты праект прыпынілі, а першапачаткова ён мусіў быць яшчэ больш маштабным.

У свой аповед Вы ўплятаеце зьвесткі з гісторыі Беларусі, параўноўваючы сацрэалізм зь Вялікім Княствам Літоўскім і шматнацыянальнай Рэччу Паспалітай, чые жыхары гаварылі на ідыш ці хадзілі ў мячэт. Гэта правакацыя альбо спосаб зрабіць так, каб сьвядомасьць зсаветызаванага адрасата ўспрыняла Ваш аповед пра гісторыю Беларусі?

Цягам апошніх 500 гадоў Беларусь ляжала на лініі фронту. У гэтым трэба шукаць прычыны нашых сёньняшніх анамаліяў. Ні адзін народ за час чарговай вайны ня траціў палову, траціну альбо чвэрць жыхароў. Цяпер нас менш, чым 10 мільёнаў, а тым часам плошча Беларусі не нашмат меншая за плошчу Польшчы.

А Лукашэнка — таксама вынік трагічнай гісторыі Беларусі?

У пэўным сэнсе — так. Праз войны і бесьперапынныя рэпрэсіі ў Беларусі сфармаваўся вельмі тонкі культурны пласт. Я маю на ўвазе ня толькі інтэлігенцыю, але і сьвядомасьць сярэднестатыстычнага жыхара. У кожнай краіне культурная сьвядомасьць зьяўляецца вакцынай супраць паталёгіяў. Каб сфармаваць культуру і нацыянальную сьвядомасьць, патрэбныя хаця б сто гадоў спакою. Беларусь іх ніколі ня мела.

A цяпер?

У нас ёсьць унікальны шанец, усьведамленьне намі нашае культурнае выключнасьці ўзрастае. Але рэальныя вынікі гэтага працэсу мы адчуем хіба што ў 2053 годзе.

Чаму менавіта ў 2053‑м?

Бо будзе сто гадоў ад канца сталінізму. Можна было б лічыць ад канца вайны, але лепей ад канца сталінізму.

Такім чынам, нягледзячы на ўладу Лукашэнкі, Беларусь ня страчаная?

Калі б улада захацела дапамагчы людзям, нашая дзяржава нагадвала б сёньняшнюю Ўкраіну, дзе адраджаецца мова, гістарычная сьвядомасьць, жыве нацыянальная культура. Тым ня меш я аптыміст. Ідзе цяжкі і павольны працэс, але ідзе да лепшага. Ніводзін Лукашэнка гэтага ня зьменіць.

Гутарыў Марцін Вайцяхоўскі, gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0