ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» будзе аказана дзяржаўная падтрымка. Такое рашэнне замацавана ўказам прэзідэнта № 24 ад 10 студзеня 2009 года, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет‑партале.

Згодна з дакументам, будзе рэструктурызаваная запазычанасць прадпрыемства, якая ўтварылася на 1 ліпеня 2008 года, шляхам павелічэння яго статутнага фонду на суму, што адпавядае запазычанасці. Ва ўласнасць дзяржавы будзе перададзена 1.011.446.800 акцый намінальным коштам 30 рублёў і 111.385.185 акцый такім жа намінальным коштам — у камунальную ўласнасць Мінска.

Запазычанасць прадпрыемства па плацяжах у рэспубліканскі бюджэт склала 30 млрд. 343 млн. 404 тыс. рублёў, па плацяжах у бюджэт Мінска — 3 млрд. 341 млн. 555 тыс. 550 рублёў.

Саўміну даручана забяспечыць у 2009 годзе пагашэнне роўнымі долямі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту запазычанасці ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод»: мінскаму рэспубліканскаму унітарнаму прадпрыемству электраэнергетыкі «Мінскэнерга» за спажытыя цеплавую і электрычную энергію — 5 млрд. 1 млн. 899 тыс. 920 рублёў; камунальнаму унітарнаму вытворчаму прадпрыемству «Мінскводаканал» за водазабеспячэнне і водаадвядзенне — 500 млн. 946 тыс. 914 рублёў; ААТ «Белпрамбудбанк» па крэдытным дагаворы — 3 млрд. 128 млн. 910 тыс. 966 рублёў.

Як паведамлялася раней, 26 ліпеня 2006 года ў суд паступіла заява падатковай інспекцыі Першамайскага раёна сталіцы аб пачатку працэдуры банкруцтва прадпрыемства; у жніўні 2006 года гаспадарчы суд Мінска прызначыў антыкрызіснага кіраўніка мінскага гадзіннікавага завода «Прамень». Цяпер праходзіць працэдура санацыі.

Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень» створаны ў 1953 годзе. Зараз тут працуюць 1,2 тысячы чалавек. Магутнасці прадпрыемства разлічаны на вытворчасць 5 млн. адзінак прадукцыі ў год.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0