Беніта Ферэра-Вальднер і Сяргей Мартынаў, фота AFP

Беніта Ферэра-Вальднер і Сяргей Мартынаў, фота AFP

Пасля перамоваў «тройкі» Еўрасаюза з Сяргеем Мартынавым у Бруселі, Беніта Ферэра‑Вальднер, камісар ЕС у пытаннях вонкавых стасункаў і еўрапейскай палітыкі суседства, сказала журналістам, што перамовы яе «абнадзеілі», і дадала:

«Безумоўна, з Беларуссю мы знаходзімся, так бы мовіць, на паўдарозе. Але мы бачым, што яны робяць важныя крокі ў правільным кірунку».

Паводле Ферэра‑Вальднер,

адзін з такіх крокаў — абяцанне ўрада Беларусі спрасціць рэгістрацыю СМІ.

Міністр Мартынаў сказаў журналістам у Бруселі, што Менск зацікаўлены прапановай Усходняга партнёрства з боку ЕС:

«Я выказаў наша станоўчае стаўленне да ідэі і канцэпцыі Ўсходняга партнёрства, нашу пазітыўную ацэнку гэтага дакументу, які ёсць цяпер, і наша спадзяванне, што калі ён будзе дапрацаваны, ён будзе ўтрымліваць умовы для роўнага шматбаковага ўдзелу краінаў. Усходняе партнёрства павінна быць усеабдымным па вызначэнні. Калі праграма не будзе ўсеабдымнай, тады яна губляе свой сэнс».

Ці прыступіць Беларусь да Ўсходняга партнёрства?

Назіральнікі ў Бруселі мяркуюць, што шанцы на гэта вялікія.

Па‑першае, шмат сяброў ЕС бачаць улучэнне Беларусі ў гэтую праграму як свой палітычны прыярытэт.

Па‑другое, дыпламаты ЕС баяцца, што Беларусь можа паддацца на спакусу карыснай дамовы на пастаўкі газу з Расіі і адвярнуцца да Еўропы сьпінаю.

Па‑трэцяе, у гэтым годзе ў ЕС старшынююць Чэхія і Швецыя — абедзве краіны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб далучыць Беларусь да Ўсходняга партнёрства. Калі ідэя не ажыццявіцца сёлета, дык Еўрасаюз, заяўляюць назіральнікі ў Бруселі, можа страціць шмат са свайго геапалітычнага значэння і ўплыву.

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0