Піша Андрэй Ляховіч.

27 студзеня шэраг інфармацыйных крыніцаў паведамілі, што былы дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі В.Шэйман прызначаны памочнікам прэзідэнта па асобых даручэннях. Так ці інакш,

пытанне, у якой якасці Шэйман з’явіцца ў атачэнні Лукашэнкі, цікавае. Бо тое, у якой якасці Шэйман можа вярнуцца ва ўладу, будзе вызначаць, у якой краіне мы жывем.
За падставу возьмем сітуацыю, быццам такое прызначэнне адбылося.

Новая сітуацыя

Шэйман доўгі час быў ініцыятарам і арганізатарам рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму. У 1999 г. ен каардынаваў працу сілавых структураў, накіраваную на задушэнне кампаніі апазіцыі па правядзенні альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў. Яго падазравалі ў забойствах шэрагу лідэраў апазіцыі, якія былі б найбольш моцнымі супраціўнікамі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г.: Ю.Захаранкі, В.Ганчара. Есць падставы лічыць, што быў забіты і Г.Карпенка. У 2001‑2002 гг. Шэйман кіраваў «антыкарупцыйнай кампаніяй», мэтай якой было запалохванне, поўнае падпарадкаванне дырэктарскага корпусу.

У перыяд 1999‑2006 гг. Шэйман дэ‑факта быў другім чалавекам у краіне. Гэта было звязана і з тым, што ягоныя вылучэнцы ўзначальвалі сілавыя (КДБ, МУС), кантрольныя (КДК, пракуратура) структуры. Група сілавікоў на чале з Шэйманам, аказвала моцны ўплыў на ўнутраную і замежную палітыку рэжыму.

Тым не менш, зараз я б не казаў пра тое, што з’яўленне Шэймана ў атачэнні Лукашэнкі азначае адмову рэжыму ад дыялёгу з Захадам ці пагрозу для гэтага дыялёгу. Думаю, што

няма падставаў меркаваць, што гэтае прызначэнне азначае падрыхтоўку рэжыму да рэпрэсіяў ці падвышэнне верагоднасці рэпрэсіяў.

Па‑першае, Шэйман ужо не мае сваёй групы у складзе кіруючай эліты. Не займае пасаду, якая азначае кантроль над пэўнымі дзяржаўнымі структурамі, не мае акрэсленых, канкрэтных паўнамоцтваў. Ягоная група была знішчана цягам 2006‑2008 гадоў Тады адбылася чыстка у КДК (у сакавіку 2007 г.), КДБ і Радзе Бяспекі (у ліпені 2007 г.), пракуратуры (люты і лістапад 2008 г.), Адміністрацыі Прэзідэнта (ліпень 2008 г.), МУС (лістапад 2008 г.) ад вылучэнцаў Шэймана.

Па‑другое, вышэйшыя пасады у сілавых, кантрольных структурах, Адміністрацыі Прэзідэнта займаюць прадстаўнікі групаў, пад ціскам якіх была рассеяная група Шэймана, а сам Шэйман быў адхілены ад пасадаў.

Спачатку ў верасні 2007 г. ен быў адхілены ад пасады памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. 8 ліпеня 2008 г. – ад пасады дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі.

Я маю на ўвазе групу «тэхнакратаў», топ‑мэнеджэраў у складзе ўраду на чале з прэм’ер‑міністрам С.Сідорскім і першым віцэ‑прэмьерам У.Сямашкай. І групу старэйшага сына Лукашэнкі – Віктара.

Зараз дамінуючыя пазіцыі у кіруючай эліце займаюць групы, прадстаўнікі якіх ставяцца да Шэймана як да, умоўна кажучы, «бандыта». Кажуць, старэйшы сын Лукашэнкі і Сідорскі маюць асабістыя вельмі кепскія адносіны з Шэйманам.

Вяртанне Шэймана на мінулую пасаду выключанае, бо ягонае месца заняў В.Лукашэнка.
З адхіленнем Шэймана роля дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі значна панізілася ў палітычнай сістэме Беларусі. Кантроль дзейнасці кантрольных, сілавых структураў ажыццяўляе памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы – В.Лукашэнка.

Па‑трэцяе, Шэйман у 2006‑2008 гг. згубіў кантроль над камерцыйнымі структурамі, фінансавымі патокамі. А статус дзяржаўнай асобы у Беларусі ў значнай ступені вызначаецца ягонай здольнасцю кантраляваць фінансавыя і іншыя матэрыяльныя рэсурсы. Кантроль над рэсурсамі дазваляе мець групу сваіх прыхільнікаў, кліентаў. Гэтае месца Шэймана таксама занятае.

Па‑чацвертае, моцным рэсурсам улады, уплыву Шэймана быў кантроль над кампраматам у адносінах да вялікай колькасці службовых асобаў. Гэты рэсурс Шэйман згубіў з кантролем над адпаведнымі структурамі.

Па‑пятае,

цяпер існуе сітуацыя, калі для выжывання уладзе патрэбныя не сілавікі, а мэнэджэры, якія вырашаюць праблемы падвышэння эфектыўнасці дзейнасці і структуры дзяржаўнага апарату.
Напрыклад, кіраўнік Адміністрацыі Макей і ягоная першая намесніца Пяткевіч. Яны ж адказваюць за дыялог з Захадам.

І патрэбныя «тэхнакраты», спецыялісты ў кіраванні эканомікай, якія разам з тым здольныя весці жорсткую размову з Расеяй – «эканамічныя нацыяналісты» С.Сідорскі і У.Сямашка. Іх роля моцна падвышаецца ва умовах фінансавага крызісу. Бо добрых топ‑мэнэджэраў у Беларусі – востры дэфіцыт.

Ва ўмовах новых, прагматычных адносінаў з Расеяй і пагрозы ціску з боку Расеі, ва ўмовах неабходнага развароту рэжыму Лукашэнкі ў бок Захаду, Шэйман не патрэбны уладзе і Лукашэнку.

Шэйман – закладнік

У той жа час далёка адпускаць Шэймана — небяспечна для Лукашэнкі і шмат каго ва ўладзе. Больш зручна мець яго пад наглядам – можна і ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Па‑другое, Лукашэнка сваіх не кідае. У ягоным разуменні, здрада – самы вялікі грэх. А ўсё, што рабіў Шэйман, ён рабіў як адданы, верны Лукашэнку.

Вярнуўшы Шэймана ў атачэнне, Лукашэнка дае сігнал дастаткова вялікай колькасці асобаў ва ўладзе, што тыя змены (палітычная і эканамічная лібэралізацыя, размова з Захадам) не азначаюць, што іх здадуць, зробяць іх «ахвярными казламі».
Што яны могуць быць спакойнымі за сваю бяспеку.

Па‑трэцяе, гэта сігнал Захаду, што рэжым не робіць вымушаных крокаў на шляху палітычнай лібэралізацыі. Што ўлада размаўляе з Захадам, маючы моцныя пазіцыі. Гэта «беспрэцэдэтныя жэсты добрай волі», як выказаўся Лукашэнка. І калі Захад не будзе добра плаціць за гэтыя крокі, то магчымы адкат назад, каб зноў пачаць гандаль з Захадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?