Раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» цяпер можна ня толькі чытаць, але і слухаць.
Выдавецка‑рэклямная кампанія «БелТонМедыя» выпусьціла яго ў фармаце МР3, чым запачаткавала бібліятэку аўдыёкніг знакамітага майстра айчыннае літаратуры.

Cорак гадзінаў эстэтычнага задавальненьня вам забясьпечаныя. І ня трэба вочы сьляпіць у паўзмроку грамадзкага транспарту над тамінамі знакавага твору айчыннае літаратуры. Дырэктар «БелТонМедыі» Алесь Калоша кажа, што пачаць выпуск аўдыёкніг Уладзімера Караткевіча менавіта з «Каласоў…» кампанію змусіла асаблівая роля рамана ў духоўнай прасторы беларусаў.

Натхняльнікам выданьня стаў слынны чытальнік, які ўзначальваў катэдру сцэнічнай мовы Беларускай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. Агучыць «Каласы…» было даўняй марай колішняга стваральніка тэатру «Жывое слова». І вось яна спраўдзілася. Цяпер Андрэй Каляда начытвае для «БелТонМедыі» іншыя творы Ўладзімера Караткевіча. Спадар Калоша працягвае:

«Андрэй Каляда пачаў чытаць у студыі ўжо раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні«. Мы плянуем выдаць і «Чорны замак Альшанскі«, і «Дзікае паляваньне караля Стаха«. Думаем зрабіць цэлую анталёгію аўдыёкніг па творчасьці Караткевіча».

Гукавую анталёгію Ўладзімера Караткевіча складуць сама меней шэсьць дыскаў.
Першы зь іх на гэтым тыдні ўжо зьявіцца на паліцах цэнтральных менскіх кнігарняў і спэцыялізаваных крамаў, дзе прадаюцца аўдыёдыскі. Наступныя дыскі аўдыёанталёгіі Ўладзімера Караткевіча чакаюцца цягам году.

Валянціна Аксак, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0