Дыялог Еўропы ідзе «больш жыва і канструктыўна» як з парламентам, гэтак і з Адміністрацыяй прэзідэнта.

Такое меркаванне выказала журналістам старшыня рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ута Цапф 11 сакавіка ў Мінску перад пачаткам семінара «Паляпшэнне клімату для замежных інвестыцый».

Як зазначыла У.Цапф, упершыню такі семінар праводзіўся два гады таму і быў прысвечаны пытанням магчымага ўдзелу Беларусі ў еўрапейскай палітыцы добрасуседства. Яна падкрэсліла, што гэтым разам арганізаваць семінар было значна лягчэй — цяперашняе мерапрыемства праводзіцца ў той час, калі яго тэма асабліва актуальная. Паводле яе слоў, цяпер найбольш важна стварыць у Беларусі рамачную аснову, якая будзе садзейнічаць прыцягненню інвестыцый.

Кажучы аб змяненні сітуацыі ў Беларусі, У.Цапф зазначыла, што гэтыя перамены не з’яўляюцца радыкальнымі, «але важна, што яны ёсць, што ўрад хоча весці дыялог і мае намер перагледзець заканадаўства, каб прывесці яго ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі». Яна таксама падкрэсліла, што на сустрэчах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі «заўсёды гаворка ідзе аб стандартах АБСЕ і выкананні іх». У.Цапф таксама зазначыла, што дэлегацыя ПА АБСЕ 10 сакавіка сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі і няўрадавых арганізацый. «Мы адчулі, што іх жыццё стала лягчэйшым, але прагрэс мог бы быць больш прыкметным», — сказала Ута Цапф.

Семінар, які сёння праходзіць у Мінску, арганізаваны рабочай групай ПА АБСЕ па Беларусі пры падтрымцы нямецкага Фонду імя Фрыдрыха Эберта і мінскага офіса АБСЕ.
Сярод яго ўдзельнікаў — высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, дэлегацыя ПА АБСЕ, якая знаходзіцца ў Мінску, прадстаўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Падчас семінара плануецца абмеркаваць пытанні інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і краін — членаў Еўрасаюза, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, інвестыцыйныя магчымасці Беларусі.

Напярэдадні візіту ў Мінск кіраўнік рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ Ута Цапф назвала мінскі семінар «вяхой у працы групы па наладжванні дыялогу паміж урадам і апазіцыяй Беларусі ў мэтах развіцця дэмакратыі». «Мы спадзяёмся, што акцэнтаванне ўвагі на паляпшэнні клімату для прамых замежных інвестыцый у гэты няпросты фінансавы час падкрэсліць неабходнасць яшчэ большага супрацоўніцтва ў сферы АБСЕ», — заявіла Цапф.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0