Канчатковае рашэнне аб даванні Беларусі пазыкі на мэты развіцця рада дырэктараў Сусветнага банку мае намер прыняць восенню, паведаміў на брыфінгу ў Мінску 21 красавіка дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы СБ Марцін Райзер.

Ён нагадаў, што беларускі ўрад звярнуўся да Сусветнага банку па садзеянне ў рэалізацыі праграмы эканамічных рэформаў. «Сусветны банк мог бы падтрымаць рэалізацыю праграмы з дапамогай меркаванай пазыкі», — зазначыў Райзер.

Дырэктар рэгіянальнага аддзелу паведаміў, што на працягу двух тыдняў у Мінску працавала група экспертаў Сусветнага банку, якая вяла перамовы з беларускім урадам па пытанні магчымага давання пазыкі.

«Дыскусія была канструктыўнай. Мы спадзяемся, што зможам узгадніць праграму эканамічных рэформаў і падтрымаць яе фінансаванне», — заявіў прадстаўнік СБ.

Між тым ён адмовіўся сказаць, пра якую суму ідзе размова.

Як паведамлялася раней, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч на прэс‑канферэнцыі 28 студзеня заяўляў пра магчымае прыцягненне крэдыту Сусветнага банка ў памеры да 1 млрд. долараў ЗША. Аднак, як зазначыў Райзер, «пакуль рана гаварыць пра пэўную суму, яна можа змяніцца». Канчатковую кропку ў гэтым пытанні паставіць рада дырэктараў Сусветнага банка.

Прадстаўнік СБ падкрэсліў, што ў выпадку станоўчага рашэння Беларусі будзе выдадзена ўся сума адразу. Пры гэтым у будучым ён не выключыў выдзялення яшчэ аднаго крэдыту на мэты развіцця. «Але гэта залежыць ад таго, наколькі паспяхова будзе рэалізавана праграма эканамічных рэформаў, якую мы абмяркоўваем цяпер», — зазначыў М.Райзер.

Кажучы пра змест праграмы, ён паведаміў, што дыскусія з беларускім урадам была засяроджана на трох асноўных кірунках: паляпшэнне бізнес‑асяроддзя і лібералізацыя эканомікі, павышэнне кіравання дзяржаўнымі рэсурсамі і абарона ўразлівых пластоў насельніцтва ў перыяд крызісу.

Паводле слоў Райзера, праграма не ўтрымлівае мэтавых паказчыкаў у адрозненне ад праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам. Між тым, зазначыў ён, з урадам Беларусі будуць узгодненыя сярэднетэрміновыя паказчыкі развіцця эканомікі. «Гэта дазволіць адсочваць эфектыўнасць рэалізацыі праграмы», — зазначыў прадстаўнік СБ.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0