Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 65‑годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў», паведаміла 5 мая прэс‑служба прэзідэнта.

Адзначаецца, што амністыя «не будзе насіць шырокі характар». «Традыцыйна вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці льготныя катэгорыі асоб, што ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і менш цяжкія злачынствы (у тым ліку непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, пенсіянеры, інваліды, хворыя на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ‑інфікаваныя, ветэраны баявых дзеянняў, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы)», — гаворыцца ў паведамленні.

Незалежна ад тэрміну адбыцця пакарання будуць вызвалены асобы, асуджаныя за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, а таксама пры асуджэнні да арышту.
Амністыі падлягаюць таксама асобы, асуджаныя за менш цяжкія злачынствы — пры адбыцці не менш адной чвэрці тэрміну пакарання; за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы — пры адбыцці не менш адной траціны тэрміну пакарання.

Вызвалены таксама будуць асобы, што ўчынілі любое злачынства, калі да заканчэння тэрміну адбывання пакарання засталося менш за год.

Пры гэтым асуджаныя, якія не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбывання пакарання, вызваляюцца ад пакаранняў часткова тэрмінам на адзін год.

Амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх раней прымяняліся амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства;
якія не кампенсавалі прычынены злачынствамі ўрон (за выключэннем названай ільготнай катэгорыі асоб); якія злосна парушаюць устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання; якія прызнаны асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; якія асуджаны да пажыццёвага зняволення; якім пакаранне смерцю або пажыццёвае зняволенне заменены іншым пакараннем; аб’яўленых у вышук; якія ўчынілі наўмыснае забойства або згвалтаванне з кваліфікуючымі прыкметамі, бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы; якія стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй, а таксама якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы.

Закон аб амністыі быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у двух чытаннях 15 красавіка, і ўхвалены Саветам Рэспублікі 23 красавіка.

Як заявіў у ПП НС выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Анатоль Куляшоў, у выніку амністыі будзе вызвалена каля 4,5 тыс. чалавек, мяркуемая эканомія сродкаў рэспубліканскага бюджэту складзе 2 млрд. рублёў.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0