...Добра, што яно не пазначанае на мапах. Ды ў яго й назвы няма. Пра беларускі адпачынак піша Віталь Тарас.

Вёска, у якой апошнія гады даводзіцца часта бываць, – зусім побач зь Менскам. Але ў той самы час яна крыху ўбаку ад гарадзкой цывілізацыі. Асфальтавая дарога сканчаецца кілямэтраў за восем ад вёскі, дзе ўсяго якіх дванаццаць двароў і ніводнай дзяржаўнай установы. Тутэйшых жыхароў тут, як і паўсюль, з кожным годам застаецца ўсё меней. Толькі за гэтую зіму – мы з жонкаю з сумам даведаліся – памерлі тры чалавекі, яшчэ зусім не старыя па сучасных мерках. Хто ад п’янства, а хто «ад сэрца».

Праўда, пустых, закінутых дамоў у вёсцы фактычна няма – да тых, хто тут застаўся, прыяжджаюць з гораду крэўныя й сваякі, будуюцца. Дый зямельныя ўчасткі апошнім часам прадаюцца, як гарачыя піражкі. Некалькі ўчасткаў пасьпелі прыватызаваць «гарадзкія», паціху атайбоўваюцца.

Але ж ні аўтобус, ні электрычка сюды ня ходзяць.

Два разы на тыдзень сюды дабіраецца аўталаўка. Так што ўлетку тут рай зямны – ціха, зелена, спакойна. Ды яшчэ ёсьць сваё азярцо. Гадоў пятнаццаць таму возера выкапалі каапэратары – дно пачысьцілі, гушчар вакол павысякалі. Зрабілі нават на адным зь берагоў маляўнічы каменны вадаспуск зь лесьвіцай да самай вады. Запусьцілі рыбу. Ды неўзабаве выйшаў указ першага прэзыдэнта наконт прыродных багацьцяў – і займацца рыбным бізнэсам каапэратарам стала няможна. Але ж рыба – у асноўным карась – водзіцца й зараз, і тутэйшыя рыбакі дагэтуль памінаюць невядомых каапэратараў нязлым ціхім словам. Дзякаваць Богу, у некалькіх кілямэтрах адсюль ёсьць вялікае вадасховішча, дзе рыбы значна болей – туды галоўным чынам і едуць гарадзкія рыбакі, мінаючы маленькае азярцо.

А калі зьяўляецца нехта чужы – яго адразу відаць. Усе ж усіх ведаюць, у кожнага двара – свой (вядома, негалосна) участак берагу ля возера, свае масткі ці карчы, адкуль зручна закідваць вуду.

Увогуле ў такой маленькай вёсачцы свайго «майдану» няма. Але ж летам у майдан ператвараецца возера. Тут даведваюцца й паведамляюць апошнія навіны, перакрыкваючыся з аднаго берагу на другі, хваляцца ўловам, крышку, як водзіцца, выпіваюць. Апошнім часам, са зьяўленьнем «гарадзкіх», пачалі купацца. Вада ня надта чыстая, бо дно гліністае, дый халаднаватая (на дне б’юць крыніцы), але возера неглыбокае і зьверху праграецца на сонцы хутка. Аднак купацца тут трэба, захоўваючы вясковы палітэс. Хадзіць цераз дарогу ў купальніках і плаўках, нават маладым хлопцам і дзеўкам, не прынята. А сталым дзядзькам і ў шортах зьяўляцца каля возера ня варта – тутэйшыя будуць касавурыцца.

Суседзкія бабулькі, у якіх мы купляем казінае малако для ўнучкі, гавораць чысьцюткай беларускай мовай (менскім «літаратурным» дыялектам). Але пачуўшы ад нас на самым пачатку знаёмства беларускую мову, адразу былі насьцярожыліся. Вяскоўцам вельмі хацелася даведацца – што мы за людзі такія, кім працуем, чаму гаворым па-беларуску? Асабліва зьдзівіла, што наша маленькая ўнучка гаворыць на мове.

Жонка была неасьцярожна кінула – ат, муж у газэтцы працуе. Тут ужо вёска дужа ўсхвалявалася: мо нейкая праверка да іх прыехала – на прадмет самагону, напрыклад, ці яшчэ што? Але ж тамтэйшая брыгадзірка (у якой усе мэханізатары акурат атаварваюцца самагонам па 5 тысячаў за літар) усіх супакоіла. Запытаўшыся прозьвішча «журналіста», толькі гмыкнула – брэшуць. Яна ж «Советскую Белоруссию» рэгулярна чытае, ні разу такога прозьвішча не сустракала. А што яшчэ нейкія беларускія газэты ёсьць – такога і ўявіць сабе няможна. Навошта?

Брыгадзірка – жанчына суворая. Усіх, хто прыяжджае ў вёску з гораду, грэбліва называе «дачнікамі». Але тутэйшы народ не зласьлівы. І да мовы неяк прывыклі, і да таго, як апранаюцца прыежджыя. А калі пару разоў падвезьлі суседзяў да бліжэйшай вёскі, часткова ўжо прызналі за сваіх. Вось толькі што бульбу ня садзім, а вырошчваем нейкую дзіўную брусэльскую капусту, кабачкі ды гарбузы – ніяк ня могуць зразумець.

Дзьве сястрычкі – унучкі нашых суседзяў – вучацца ў старэйшых клясах у Менску. Яны ўжо апранаюцца па-сучаснаму. А калі ідуць купацца ўвечары, дык наводзяць сапраўдны марафэт (гэта ж ня проста возера – майдан). Неяк пытаемся ў іх: ці ведаеце, што такое Інтэрнэт? Ведаем, кажуць. Дык давайце мы вас сфатаграфуем, а потым прышлем фоткі на ваш электронны адрас. Сястрычкі з годнасьцю сфоціліся, а потым пытаюцца – а адрас вам які патрэбны? Гарадзкі ці, можа, тутэйшы?..

Іхная бабуля рашуча адмовілася фатаграфавацца. Бо для гэтага ж трэба адпаведна апрануцца. А яна ўвесь час занятая – то ў гародзе, то козы пасьвіць, то вячэру гатуе, то яшчэ нешта. Няма часу на дурноты.

Неяк на беразе возера, адразу пасьля купаньня ўвечары, пабачылі цуд. Да масткоў нехта прыляпіў «джынсавую» блямбу: «16». На тле прыбярэжных бярозаў ды рогату жаб лягатып глядзеўся надта экзатычна.

Народ у вёсцы, як і паўсюдна, п’е – асабліва па суботах і сьвятах. Пілі ў нашай вёсцы й 3-га ліпеня. Як заўсёды. Праўда, ніякіх сьцягоў ніхто нідзе не вывешваў. З вокнаў увесь дзень даносілася звыклая расейская папса. Напярэдадні ўначы крыху пагарланілі, памацюкаліся, і ўсё. Ізноў цішыня, начныя зоры, перапёлкі сьвішчуць сваё «спаць пара» ды хор жабаў ля возера.

Добра, што яно не пазначанае на мапах. Ды ў яго й назвы няма.

Зусім іншая карціна на бліжэйшым вадасховішчы. Месца само па сабе надзвычай маляўнічае. Але ж вакол натоўпы людзей, гармідар, куродым ад дзясяткаў шашлыкоў, машыны ўсутыч стаяць ля самога берагу. Участковы міліцыянт, якому даверана сачыць за парадкам і нагадваць кіроўцам, каб не парушалі водаахоўную зону, паводзіць сябе нясьмела й хутка зьнікае пад рогат «турыстаў». Над вадой нясецца роў дзясяткаў прымачоў, шум маторак і мат. Вада – хоць вадасховішча не з разраду самых вядомых – тут заўсёды брудная, каламутная. Бераг увесь запляваны, завалены пакетамі, плястыкоўкамі, рэшткамі ежы ды бог ведае яшчэ чым. Ніхто за сабой не прыбірае. Калі мы з жонкай пачынаем насіць чужое сьмецьце ў сьметніцы, каб хоць трохі чыстай прасторы для сябе вызваліць, глядзяць на нас, як на дзівакоў, соннымі п’янымі вачыма.

Лета. Гарачыня. Беларусы адпачываюць...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?