posterУверх (Up)
ЗША, 2009, каляровы, 96 хв.
Рэжысёры: Піт Доктэр, Боб Пэтэрсан
Жанр: Анімацыйныя прыгоды для ўсёй сям’і
Адзнака: 9 (з 10)

У Менску адбылася прэм'ера мультфільму, які адкрываў Канскі фэст.

Амаль адразу па прэм’еры ў Канах, дзе карціна адкрывала фестываль, амерыканскі мультфільм “Уверх” з’явіўся на беларускіх экранах – каб радаваць гледачоў ад самых малых да самых старэнькіх.

Пенсіянер Карл Фрэдрыхсэн, якога збіраюцца справіць у багадзельню, не збіраецца мірыцца з такім лёсам. Ён надзімае паветраныя шарыкі – і адпраўляецца разам з домам і прыблудным хлопчыкам-следапытам, на прыгоды ў Паўднёвую Амерыку, каб здзейсніць мару сваёй памерлае жонкі. Прыгодаў хопіць на ўсіх: дзікія джунглі, гаваркія сабакі, каляровая птушка шчасця, бойка старых на мячах – і страшныя пасткі.

Мультфільмы студыі “Піксар” ужо даўно сталіся анімацыйным эталонам. “У пошуках Нэма”, “Валлі” – кампутарна-лялечныя героі рабіліся ўсё жывей – і мудрэй, хаця, здавалася, куды ўжо болей. Але стужка “Уверх” здзейсніла яшчэ адзін крок у кінанябёсы. Яна абзавялася сваёю хронікай; а персанажы ўспрымаюццца проста, як жывыя людзі (сабакі, крыклівыя птушкі).

У дзіцячай карціне ўсё – дзеля дзяцей: яскрава-пацешная птушка, хлопчык-недарэка, сабакі на самалётах і процьма каляровых шарыкаў.

У дзіцячай карціне ўсё – для матуляў і дзядуляў. Жыццё чалавека ад дзяцінства да старасці – паказанае ў дасціпным, філасафічным і зразумелым нават для немаўляці пластычным эцюдзе (шэдэўр, які выбівае слёзы). У карціне мудрасць сталення: былы дзіцячы кумір пераўтвараецца ў пыхлівага нягодніка, а ціхае сямейнае жыццё – само ёсць прыгодай. У жыцці заўжды ёсць месца спачуванню і дабру.

Як, заўжды, “Піксар” цешыцца й гуляе з цытатамі, якія нагадваюць суцэльную класіку (нават, “Цімура і ягоную каманду”).

Адмысловая прыемнасць – голас Армена Джыгарханяна, які агучвае старога ў рускае версіі фільму. (І калі мы ўжо дачакаемся хаця бы блізкага беларускага дубляжу?).

Затое выдатную карціну для сэрца мы ўжо дачакаліся.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?