Амерыканскі грамадзянін Эмануіл Зельцэр, які адбывае трохгадовы тэрмін зняволення ў калоніі № 15 у Магілёве, 8 чэрвеня аб'явіў галадоўку.

Як паведаміў БелаПАН яго адвакат Дзмітрый Гарачка,

Зельцэр спрабуе прыцягнуць увагу да факта беспадстаўнага, паводле яго меркавання, зацягвання выдачы даведкі Мінскім гарадскім судом, без якой адміністрацыя калоніі не можа разгледзець пытанне аб прымяненні да асуджанага амністыі.
Адвакат выказаў асцярогу, што галадоўка падарве і без таго слабае здароўе Зельцэра, які з моманту дастаўкі ў калонію знаходзіцца ў бальнічным аддзяленні.

Адміністрацыя калоніі да гэтага часу не атрымала неабходныя дакументы з Мінскага гарадскога суда аб адсутнасці іскаў у дачыненні да Зельцэра.

Адвакат лічыць, што Зельцэр трапляе пад закон аб амністыі, які быў падпісаны прэзідэнтам Беларусі 5 мая і апублікаваны 7 мая.
Закон прадугледжвае вызваленне асобаў, не пералічаных у артыкулах 1 і 2 закона, асуджаных не больш чым на шэсць гадоў, якія адбылі не менш за чвэрць свайго тэрміну. Зельцэр, арыштаваны 12 сакавіка 2008 года і асуджаны на тры гады, знаходзіўся за кратамі нават больш за гэты тэрмін.

11 жніўня за выкарыстанне заведама несапраўдных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Эмануіл Зельцэр быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. Сваёй віны ён не прызнаў. 31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў закрытым рэжыме.

Злучаныя Штаты Амерыкі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, бо ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася. Абарона і сваякі назвалі прысуд грамадзяніну ЗША расстрэльным з прычыны дрэннага стану яго здароўя. Яны лічаць, што асуджаны можа не дажыць да заканчэння тэрміну зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?