Прэзідэнт Беларусі прыбыў у Ашхабад вечарам 17 чэрвеня. Сёння ён плануе сустрэцца з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.
Сустрэча пройдзе спачатку ў вузкім фармаце, затым — у пашыраным складзе. Па выніках перамоў плануецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў, паведамляе прэс‑служба беларускага прэзідэнта.
Кіраўнікі дзяржаў таксама возьмуць удзел у цырымоніі афіцыйнай закладкі комплексу па вытворчасці калійных угнаенняў у пасёлку Гарлык.
Апошні раз Аляксандр Лукашэнка наведваў Туркменістан з афіцыйным візітам у 2002 годзе. Тады былі падпісаныя першыя двухбаковыя пагадненні.
Паводле звестак беларускай статыстыкі, Туркменістан па аб’ёме тавараабароту і экспарту беларускай прадукцыі займае 7‑е месца сярод краін СНД. У 2008 годзе тавараабарот паміж дзяржавамі склаў амаль 50 млн. даляраў, за чатыры месяцы 2009 года — 12,4 млн. даляраў.
У структуры беларускага экспарту ў Туркменістан асноўную долю складаюць
трактары, дарожная тэхніка, грузавыя аўтамабілі, а таксама пластмасавая тара, тканіны, галаўныя ўборы, формы для металаліцейнай вытворчасці.