Найбуйнейшы беларускі банк ААТ «ААБ «Беларусбанк» плануе набыць у Маскве расійскі банк.

Пра гэта 18 чэрвеня ў Мінску паведаміў журналістам намеснік старшыні праўлення «Беларусбанка» Генадзь Гаспадарык.

Паводле яго слоў, цяпер ідуць перамовы, аналізуецца сітуацыя і фінансавы стан банка, таму казаць пра канкрэтныя тэрміны і сумы здзелкі дачасна. Разам з тым, зазначыў Гаспадарык, сума можа скласці не менш як 5 млн. даляраў.

«Гэтага дастаткова для таго, каб увайсці на гэты рынак і атрымаць плацдарм. Гэта можа быць толькі платформай для далейшай экспансіі на расійскі рынак», — падкрэсліў Гаспадарык.

«У нас ёсць напрацоўкі, каб заключыць дагавор з расійскай фондавай біржай. Наўпрост там мы працаваць не можам, нам патрэбны даччыны банк, які будзе мець неабходную ліцэнзію», — растлумачыў прадстаўнік «Беларусбанка».

Пры гэтым ён зазначыў, што «Беларусбанк» хацеў бы атрымаць банк са 100‑працэнтным удзелам у капітале, але ёсць таксама напрацоўкі па стварэнні сумеснага прадпрыемства з удзелам расійскага і карэйскага капіталу.

Гаспадарык растлумачыў, што мэтай куплі банка з’яўляецца аказанне падтрымкі беларускім таваравытворцам, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на расійскі рынак.

«Мы вывучалі патрэбнасці беларускіх прадпрыемстваў, гандлёвых дамоў, якія знаходзяцца ў Расіі. Ім неабходны такі банк. Апрача таго, многія грамадзяне ў Расіі зацікаўлены ў тым, каб даверыць свае зберажэнні беларускаму банку», — сказаў прадстаўнік кіраўніцтва «Беларусбанка».

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0