Падчас вайны з Грузіяй Расія страціла шэсць, а не чатыры самалёты, і тры з іх збіла сама, гаворыцца ў дакладзе часопіса Moscow Defence Brief. Прычына ў нескаардынаванасці дзеянняў і памылках кіравання, пішуць эксперты. Не стае падрыхтаваных пілотаў, прызнаюць у Генштабе.

Спасылаючыся на крыніцы ў ваенных ведамствах і звесткі СМІ, аўтары дакладу пішуць, што з прычыны адсутнасці каардынацыі ў дзеяннях расійскія ВПС і сухапутныя войскі «вялі розныя войны». На практыцы гэта значыла, што расійскія і асецінскія ваенныя часта прымалі расійскія самалёты за грузінскія і адкрывалі па іх агонь.

«З шасці збітых самалётаў два дакладна былі збітыя агнём суперніка, тры самалёты пэўна — «сяброўскім агнём». Вызначыць, хто збіў яшчэ адзін, уяўляецца складаным», — гаворыцца ў дакладзе. Прэс‑служ Мінабароны Расіі адмовілася ад хуткіх каментароў дакладу.

З шасці самалётаў два расійскія ВВС страцілі ў першы дзень вайны 8 жніўня, яшчэ чатыры — на наступны дзень.

Першай стратай стаў штурмавік Су‑25БМ, збіты пераносным зенітна‑ракетным комплексам (ПЗРК) над тэрыторыяй Паўднёвай Асеціі: «У яго пацэлілі паўднёваасецінскія апаўчэнцы».

Падзенне самалёту было паказанае па тэлебачанні як параза грузінскага штурмавіка, адзначаюць эксперты.

Другі штурмавік Су‑25СМ вяртаўся з задання з ужо падбітым левым рухавіком, і «праз некаторы час пры пралёце над паўднёвымі ўскраінамі Цхінвалі на вышыні 1000 метраў у самалёт пацэлілі ракетай ПЗРК у правы рухавік». Пасля падзення штурмавіка паўднёваасецінскі бок ізноў паведаміў пра знішчэнне грузінскага самалёта.

9 жніўня ў раёне паўднёваасецінскай базы ў Джаве упаў штурмавік Су‑25. Расійскія ваенныя ў той дзень казалі, што збілі грузінскі самалёт. Аднак да гэтага часу ВПС Грузіі адмовіліся ад палётаў над Паўднёвай Асеціяй, нагадваюць аўтары дакладу. Эксперты не могуць сказаць пэўна аб тым, што гэты самалёт таксама збіты расійскімі СПА.

Затое 11 жніўня памылковым стрэлам з калоны расійскіх войскаў, што рухалася з Цхінвалі ў Горы, быў дакладна збіты расійскі самалёт Су. Сцвярджаецца таксама, што некалькі Су‑25 ВПС Расіі былі пашкоджаныя, але здолелі вярнуцца на базу.

«Расійскія пілоты не былі цалкам паінфамаваныя пра сітуацыю на зямлі, разведдадзеныя атрымлівалі недакладныя і з спазненнем, і калі пачаліся баявыя дзеянні, у іх нават не было звестак пра моц і структуру ВПС Грузіі», — тлумачыць часопіс прычыны промахаў расійскіх вайскоўцаў.

«Так, непрыемна, канечне, але ўсе ведаюць, што нашыя ВПС кепска трэніруюць пілотаў. Так бывае», — не здзіўлены палкоўнік ГРУ у адстаўцы Віталі Шлыкаў. Паводле ягоных словаў, «гэта добра вядомыя факты, яны даўно абмяркоўваюцца» экспертнай і ваеннай супольнасцямі. «Начальнік Генштабу ўжо патлумачыў, што пілотаў знайсці немагчыма і даводзіцца браць іх фактычна без падрыхтоўкі», — нагадвае Шлыкаў.

Агулам падчас вайны ў Грузіі ў жніўні 2008 году загінулі 64 расійскіх вайскоўцы і 283 былі параненыя, распавядаў у лютым 2009 году намеснік міністра абароны РФ генерал арміі Мікалай Панкоў. Да гэтага часу ідзе ідэнтыфікацыя парэшткаў зніклага без вестак лётчыка самалёта Ту‑22, збітага падчас вайны. Тады два члена экіпажу загінулі адразу, адзін быў цяжка паранены і перададзены грузінамі расійскаму боку, і адзін знік без вестак. У лютым Грузія перадала Расіі фрагменты ДНК загінулага, які мог мець адносіны да Ту‑22.

Газета.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0