Партыя БНФ лічыць неабходным пачаць перамовы аб стварэнні правацэнтрысцкага нацыянальна-дэмакратычнага блока палітычных сіл, якія стаяць на прынцыпах суверэнітэту Беларусі.

Гэтае палажэнне ўтрымліваецца ў рэзалюцыі «Аб палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь» XII з’езда Партыі БНФ, які прайшоў 5 верасня.

Акрамя таго, у дакуменце адзначаецца, што з кастрычніка 2008 года ўлады не зрабілі ніводнага кроку для змены выбарчага заканадаўства, а таксама іншых галін права, якія патрабуюць дэмакратызацыі ў адпаведнасці з крытэрыямі, ухваленымі Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі і Еўрапарламентам.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ў Беларусі захаваўся інстытут палітычных зняволеных, а таксама вядуцца індывідуальныя і інстытуцыянальныя палітычныя рэпрэсіі.

Дэлегаты заявілі, што ў краіне рэалізуецца сцэнарый стварэння «кіраванай апазіцыі» па пуцінскім узоры. Яго задача — дэзарыентаваць грамадства і паралізаваць волю народа да перамен.

Акрамя таго, на з’ездзе прыняты заявы: «Ваенная інтэграцыя Расіі нясе пагрозу незалежнасці Беларусі»; «Рэальны шлях выхаду з эканамічнага і палітычнага крызісу ў Беларусі — змена ўлады праз свабодныя выбары»; «Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца».

У заключнай частцы з’езда ўдзельнічала на чвэрць менш дэлегатаў, таму ў рэзалюцыю аб палітычнай сітуацыі ўвайшлі праўкі былога намесніка старшыні партыі Вінцука Вячоркі аб кіраванай апазіцыі, таксама як і прапановы новага лідэра партыі Аляксея Янукевіча аб стварэнні правацэнтрысцкага блока.

Па выніках выбараў намеснікамі Янукевіча сталі Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?