«Монці Пайтан»

1.Чыста брытанскі гумар

Шмат хто памятае, як пры канцы 80-х на савецкім цэнтральным тэлебачанні падчас гасцявання лонданскага каналу «Тэмз-тэлевіжн» разам з паўнаметражнымі фільмамі нам паказвалі караценькія гумарыстычныя скетчы? У прыватнасці, абсурдысцкую сцэнку ў стылі школьных фільмаў па грамадзянскай абароны, гэткі псеўда-вучэбны эпізод: «Як правільна зрабіцца нябачным».

У сцэнцы ў кустах і спасярод дрэваў хаваюцца ангельскія лэдзі і джэнтэльмэны, а бясколерны голас за кадрам знаходзіць іх і ўзрывае небарак дынамітам.
«Так, спадар Нэзбіт задаў нам сапраўды сур'ёўну праблему, але мы знашлі выйсце...» — казаў голас пры выглядзе двух кустоў, за адным якім хаваўся бедны містэр Нэзбіт і… абодва кусты ўзляталі ў паветра. Або сцэнку, у якой ў форме тэлерэпартажу распавядалася пра новую з'яву на лонданскіх вулках: бясчынствы апранутых пад панкаў бабак-хуліганак, якія перакульваюць тэлефонныя будкі, б'юць мінакоў і вандаляць у пад'ездах.

Гэта было сапраўды смешна, але падача гумару была настолькі незвыклая для лагічна мыслячага спадарства, што здзіўленыя савецкія гледачы ўсё спісвалі на надта спецыфічнае пачуццё гумару ў Брытаніі. Напэўна, яны былі б дужа здзіўленыя, калі б ім сказалі, што і для саміх брытанцаў лятучыя пасля выбуху джэнтльмены, панкуючыя бабкі, а таксама Гітлер, які падпускае жарты пра свайго сабаку, якіх 20 гадоў таму таксама былі ў навінку.

І што чыста брытанскі гумар вынайшлі шасцёрка маладзёнаў, калі пры канцы 60-х ўтварыла творчую суполку і пачала ствараць сцэнкі, якія зрабіліся класікай камедыйнага жанра.

У 90-ыя гады тыя скетчы можна было сустрэць на відэакасетах, дзе яны з'яўляліся інкогніта з пазнакай «Ангельскі гумар (дапіска)». Караценькія сцэнкі і рэпрызы у нас любілі дапісваць на вольнае месца пасля паўнаметражных фільмаў.

І толькі у 2000-х, аглядаючы сідзі-кружэлку з няўцямным надпісам Monty Python і яшчэ не ведаючы, што пабачыла мала не ўсе іх сцэнкі, я спытала прадаўца: « «А хто гэта такія?». У адказ пачула вычарпальны адказ: «Як, вы не ведаеце «Монці Пайтанаў»?! Гэта ж самыя смешныя людзі на свеце».

2. А цяпер да іншых навінаў!

«Монці Пайтан» быў хутчэй згуртаваннем шчырых аматараў пасмяяцца, суполкай цудоўных дылетантаў-адзінадумцаў, чым калектывам зашораных прафесіяналаў. Яны ніколі не сканчалі факультэтаў акторскага майстэрства або курсаў сцэнарыстаў, але пэўна менавіта гэтая акалічнасць дазволіла ім зрабіць сапраўдны прарыў у сваёй галіне і дзякуючы свайму інавацыйнаму гумару апынуцца ў ліку самых вядомых комікаў найноўшага часу.

Яны маглі стаць гісторыкімі і лекарамі, але зрабіліся комікамі. Першыя двое, Тэры Джонс і Майкл Палін вучыліся на гістарычным факультэце Оксфардскага універсітэту, Джон Кліз і Грэхем Чэпмэн у Кембрыджы: але першы рыхтаваўся зрабіццца праўнікам, а другі — медыкам. Толькі адзін з Эрык Айдл вучыў нешта блізкае да твочасці - ангельскую літаратуру... Агульным былі захапленне тэатрам (яны былі членамі аматарскіх тэатраў) і задума пакінуць сваю вучобу. З адзіным амерыканцам і прафесійным сцэнарыстам з группы, Тэры Гільямам, пяцёра ангельцаў сустрэлася падчас гастроляў у Нью-Ёрку.


Яго Вялікасць Монці Пайтан

Потым была праца на тэлебачанні: паасобку яны пісалі сцэнары, эпізадычна з'яўляліся ў кадры, марачы пра той дзень, калі яны змогуць працаваць разам. Урэшце шасцёрцы прызначылі сустрэчы работнікі «Бі-Бі-Сі», каб пагутарыць наконт выпрабаваўчай перадачы, пілотнага выпуска, новага сатырычнага серыялу.

«Якая канцэпцыя у вашага камедыйнага серыяла?» —спыталі шасцёрку ў «Бі-Бі-Сі».

Будучыя монціпайтанацы адказалі: «Няма канцэпцыі — такая вось канцэпцыя».

Бі-Бі-Сі: «Няма такога каб не было канцэпцыі, канцэпцыя абавязкова павінна быць».

М.-П.: «Вы не разумееце, тое, што кожную новую сцэнку мы пераходзіць на абсалютна іншую тэму, гэта і ёсць нашай канцэпцыяй».

Так вось, пэўна, дзякуючы гэтаму абсалютна шчыраму тлумачэнню па каторым часе з'явіўся дужа камедны, але страшна неканцэптуальны серыял, які атрымаў назву «Лятучы цырк «Монці Пайтана»», у якім атабарыўся пастаянны вобраз тэлевядоўцы, які пасля кожнай сцэнкі паведамляў гледачам: «А цяпер да абсалютна іншых навінаў». Пагадзіцеся, добрае рашэнне па звязванні процьмы нічым не звязаных міжсобку скетчаў.


Лятучы цырк «Монці Пайтана»

Моц «Лятучага цырка» была ў каманднай працы і разнастайнасці: Кліз і Грэхэм пісалі сцэнкі, якія грунтаваліся на гульні словаў і логіцы, Джонс і Фалін аддавалі перавагу сцэнкам стылізаваным пад тэленавіны і гістарычныя фільмы, а Айдэл пісаў скетчы, якія знянацку, без усякага папрэджання, ператвараліся ў мюзыклы. Так з'явіліся класіка абсурдыскага жарту: сцэнка пра мёртвага папугая, дзе кліент заамагазіна прыносіць бездыханае цельца мёртвай птушкі і ладны кавалак часу прыводзіць нязгоднаму прадаўцу доказы відавочнага факта смерці. Або сцэнка пра ўрокам самаабароны супраць садавінных маньякаў. І вянчала гэтае свята нонсэнсу, - ну як мы маглі забыць! - скетч з амбітнай назвай «Самы смешны жарт на свеце», у якім распавядаецца пра нібыта сакрэтную зброю дзякуючы якой саюзнікі, увогуле кажучы, і перамаглі фашыстаў у Другой Сусветнай вайне, - смерцяносны, забойчы жарт.

3.Цырк на экране

У 1974 годзе пасля 45 серыяў і 4 сезонаў, пайтаны пайшлі кожны сваёй кар'ерай, вырашыўшы напаследак адначыцца ў кінематографе. Гэта быў фільм «Монці Пайтан і Святы Грааль», які прадстаўляў старонку з жыцця караля Артура і яго рыцараў, што вандруюць у пошуках святой чары. Але на гэтым гістарычныя факты закончваліся, і пачынаўся лятучы цырк на дроце: дарогу рыцарам пераступаў змрочны заяц-забойца, потым кароль і яго світа мусілі адбіць атаку сярэневечнай партыі сялянаў-анархістаў-сацыялістаў, і даць рады злавеснаму і падступнаму Чорнаму рыцару, пазбаўленаму рук і ног.


"Монці Пайтан" і Святы Грааль

Фільм каштаваў 200 тысяч фунтаў, і яго прафінасавалі з дзясятак інвестараў, сярод якіх — адданыя фэны камедыйнага шоў: рок-гурты «Пінк Флойд» і «Лэд Зэпелін».

Поспех «Святога граалю» ўзбудзіў апетыт для другога фільма. Гэтым разам на прыцэле была таксама гістарычная постаць: ангельскія комікі замахнуліся на Ісуса Хрыста. Хрыста пайтанаўцы вырашылі зрабіць прызямлённым, а сюжэт фільма нарадзіўся з жарту, што нехта І. Хрыстос заказвае ў рэстарацыі месца для вячэры на 13 персон.

Шмат хто пачаў адгаворваць комікаў ад падобнага сюжэту, сябры высцерагалі пайтанаў, што абраны шлях — занебяспечны і можа раззлаваць англіканскую царкву.
Гэтак Хрыстос быў заменены Браенам, вымысленым прарокам, які нібыта дзейнічаў у адзін час з Хрыстом. Але фільм гэта не выратавала: ўражаны масштабамі блюзнерства, дырэктар кінакампаніі ЕМІ, убачыўшы заснятую частку фільма, дзе першыя хрысціяне былі прадстаўленыя не раўнуючы ірландская групоўка IRA, а ўкрыжаванага прарока скрадалі камедныя прыхадні з космасу, адмовіўся фінансаваць праект, які ўжо на тым этапе каштаваў 2 мільёны фунтаў. Каб сабраць шуканую суму, пайтанаўцы прыбеглі да выпрабаванага метаду: яны звярнуліся да свайго чарговага адданага аматара, гэтым разам да экс-«бітла» Джорджа Харысана.
Фільм яшчэ не выйшаў на экраны, а ўжо ці не ўсе рэлігійныя аб'яднанні ў ЗША былі супраць.
Толькі дзякуючы гэтаму адмысловаму інтарэсу з боку гэтых арганізацыяў, у Штатах фільм паказвалі не ў 200 кінатэатрах, як было запланавана, а ў 600. У самой Вялікай Брытаніі, дзе ў некаторыя гарадах таксама забаранілі «Жыціе Браена», ладзіліся арганізаваныя туры ў кінатэатры суседніх, менш пурытанскіх, гарадоў. У справе з прэм'ерай найбольш уразіла Нарвегія: яна не дазволіла паказ фільму на сваёй тэрыторыі, і цікаўныя нарвежцы былі вымушаныя масава пераходзіць шведскую мяжу.

4. «Монці Пайтан» і электронная пошта

Акрамя ўплыву на далейшае развіццё гумарыстычную жанру і маркетынгавых тэхналогій ў кінавытворчай галіне, пайтанаўцы папутна ашчаслівілі нашу штодзённасць некалькімі малымі, але дужа карыснымі вынаходствамі: словам, якое абазначае ўсякую непатрэбную паштовую рассылку і кружэлкай з трымя бакамі.

Слова «Спам»/spam (непатрэбныя лісты з размаітымі просьбамі, якія прыходзіць на нашу электронную пошту) прыйшоў з пайтанаўскай сцэнкі, у якой наведнікі рэстарана вымушаныя заказваць толькі адзін, нясмачны, гатунак ежы. Калі галоўны наведнік просіць прынесці яму страву без «Спама», дык афіцыянка адно прапануе порцыю з нізкай колькасцю «спама». Калі галоўны герой пачынае абурацца, то за яго спінай раптам узніклы хор вікінгаў пачынае хорам пяяць «спаму» хвалу, пасля чаго сцэнка канчаткова ператвараецца ў поўны гармідар са танцамі і мардабоем. Слова «спам» была прыгаданая за колькіхвілнную сцэнку больш за сто разоў і настолькі запомнілася тэлегледачам, ажно праз добрых дваццаць гадоў, калі з'явілася электронна пошта, а разам з ёй і непатрэбныя лісты ды рассылкі, чалавецтва не вагаючыся пачала называць гэтыя лісты па-пайтанаўску - «спамам».

А яшчэ комік-суполка прыдумала трэці бок кружэлкі. Выдаўшы кружэлку сваіх аўдыё-скетчаў, на адном баку ў пэўным месцы яны зробілі дзве паралельныя дарожкі: да здзіўлення публікі голка штораз прайгравалі адзін і той жа бок па-рознаму. Гэта было па сутнасці вынаходствам бонус трэка, схаванай песні.

5.Шэсць мушкецёраў

Пасля завяршэння супольнае працы ўсе удзельнікі зрабілі паспяховую кар'еру. Кліз, Палін і Айдл сталі вядомымі акторамі. Гіліям і Джонс — рэжысёрамі.


Няпоўны склад нават на картачцы

За пошнія гадоў 20 яны не траплялі на адну сцэну, можа, толькі на паховінах Грэхема Чэпмэна, які памёр ад рака ў 1989, ды на здымках святочнай перадачы, прысвечанай 29-ым угодкам (так, 29-ым, мы не памыляемся) перадачы «Лятучы цырк». І вось прыканцы верасня ў ЗША ім збіраюцца ўручыць прыз Брытанскай Акадэміі кіно з нагоды 40-годдзя першай выпуска «Монці Пайтана». Падчас уручэння прэміі пра шасцёрку пакажуць дакументальную стужку «Шчырая праўда з вуснаў адваката»/The Lawyer's Cut. А мы, у Беларусі, вырашылі перакласці пайтанаўскі «Самы смешны жарт на свеце» на беларускую мову:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?