Беларуская асацыяцыя журналістаў пратэстуе ў сувязі з грубымі перашкодамі прафесійнай журналісцкай дзейнасці падчас акцый 16 і 9 верасня і патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, увечары 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў з ужываннем фізічнай сілы забаранялі журналістам беларускіх і замежных СМІ фіксаваць падзеі падчас акцыі памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. «Людзі ў цывільным, якіх даводзілася па два чалавекі на кожнага журналіста, груба, з небяспекай пашкодзіць тэхніку і траўмаваць рэпарцёраў, захіналі іх відэа‑ і фотакамеры, адштурхоўвалі ад аб`ектаў падзей, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў», — падкрэсліваецца ў заяве БАЖ.

Амаль тое самае, адзначаецца ў заяве, адбывалася і 9 верасня, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі журналістам асвятляць пікет на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, які праводзіўся ў знак пратэсту супраць уводу на тэрыторыю Беларусі расійскіх войск — удзельнікаў вайсковых манеўраў «Захад‑2009».

Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць недапушчальнымі і непрымальнымі перашкоды прафесійнай дзейнасці журналістаў, а значыць, і гарантаванаму Канстытуцыяй праву грамадства на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі.

БАЖ нагадвае супрацоўнікам праваахоўных органаў і іншых дзяржаўных органаў аб праве журналіста прысутнічаць «на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю» (п. 2.2. арт. 34 дзейнага закона «Аб СМІ»).

Арганізацыя таксама выказвае «сур`ёзную заклапочанасць тым, што падобныя факты падчас масавых акцый зноў робяцца сістэматычнымі і сведчаць пра адмысловыя загады, пры выкананні якіх супрацоўнікі сілавых структур парушаюць заканадаўства».

БАЖ заклікае органы пракуратуры і МУС даць належную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама заклікае прыняць меры для прафілактыкі парушэнняў правіл работы з прэсай.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зробіць усе магчымыя і неабходныя захады для таго, каб падобныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў не засталіся беспакаранымі і не паўтараліся надалей, падкрэсліваецца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?