Спыніў працу сайт палітыка Аляксандра Казуліна — kozylin.com. Інтэрнэт-рэсурс быў створаны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, у якіх Казулін удзельнічаў як кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Як паведаміў БелаПАН супрацоўнік прэс-службы Казуліна Сяргей Марцалеў, гэта адбылося з-за прычын, што не залежаць ад каманды сайта. «У выніку DDoS-атакі хакеры атрымалі доступ да ўнутранага зместу сайта, — сказаў Марцалеў. — Быў знішчаны амаль увесь кантэнт сайта, у тым ліку матэрыялы кніг па судовым працэсе Казуліна, матэрыялы незалежных экспертыз гэтага працэсу і іншыя матэрыялы, якія адносяцца да дзейнасці палітыка».

Службе тэхнічнай падтрымкі сайта ўдалося пазбавіцца ад памылак у праграмным кодзе, якія дазволілі хакерам трапіць ва ўнутраны змест рэсурсу, аднак DDoS-атакі не спыняліся.

«У выніку расійскі хостынг-правайдэр, парушыўшы раней дасягнутыя дамоўленасці, вырашыў спыніць падтрымку сайта. Відаць, гэта было зроблена з мэтай засцерагчы сервер, на якім размяшчаўся сайт Казуліна, ад атак», — мяркуе супрацоўнік прэс-службы.

DDoS-атакі (ад англійскага Distributed Denial of Service — размеркаваная адмова ў абслугоўванні) — від атак на вылічальную сістэму. Іх мэта — давесці сістэму да спынення працы і стварыць такія ўмовы, пры якіх карыстальнікі не могуць атрымаць доступ да рэсурсаў ці гэты доступ абцяжараны. DDoS-атака можа быць як самамэтай (напрыклад зрабіць недаступным папулярны сайт), так і адным з крокаў да завалодання сістэмай (калі ў пазаштатнай сітуацыі праграмнае забеспячэнне выдае якую-небудзь крытычную інфармацыю: версію сайта, частку праграмнага кода і г.д.). У некаторых выпадках да DDoS-атакі прыводзіць легітымнае дзеянне, напрыклад пастаноўка спасылкі на сайт. Вялікі наплыў карыстальнікаў прыводзіць да перавышэння дапушчальнай нагрузкі на сервер і адмовы ў абслугоўванні часткі з іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?