Першае за 90 гадоў унясенне скрутка Торы ў сінагогу адбылося 18 кастрычніка ў Гомелі.

На свята Ахнасат сейфер Тора (унясенне скрутка Торы) у абласны цэнтр прыехалі беларускія яўрэі, рабіны з Ізраіля і Расіі, прадстаўнікі пасольства Ізраіля, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.

Скрутак быў створаны прыблізна 200 гадоў таму ў адным з беларускіх або ўкраінскіх мястэчак.

Нядаўна гомельская іудзейская абшчына «Бейт Яакаў» набыла гэты скрутак. 18 кастрычніка рукапіс з Масквы ў Гомель даставіў дырэктар адзінага ў СНД інстытута сойфераў (перапісчыкаў Торы). Скрутак Торы сустрэлі за квартал ад сінагогі і перадалі ганаровым гасцям. Тору неслі пад хупай (вясельным балдахінам), таму што для іудзейскай абшчыны ўнясенне скрутка Торы ў нейкім сэнсе раўназначна вяселлю. Праз пэўны час «насільшчыкі» Торы мяняліся — гэта сімвалізуе пераемнасць і нязменнасць вучэння, выкладзенага ў галоўным іудзейскім рукапісу. Рытуал нясення Торы суправаджаўся музыкай і танцамі, урачыстасць і прыгажосць абраду надавалі коннікі, карэта, на якой везлі скрутак, калона юнакоў з факеламі.

Тора пішацца на спецыяльна вырабленым пергаменце і выключна спецыялістам — сойфер стамам. Працэс перапісвання можа цягнуцца гадамі, гэтая праца каштуе некалькі дзесяткаў тысяч долараў.

Старшыня абшчыны «Бейт Яакаў» Йосеф Жолудзеў падкрэсліў, што ўнясенне скрутка Торы — важная падзея ў жыцці яўрэяў горада і ўсіх яўрэяў свету. «Тора — гэта аснова жыцця, гэта ўсё: сям’я, дзеці, лад жыцця, мыслення, — сказаў Жолудзеў. — Як чалавек не можа знаходзіцца без вады, гэтак яўрэі не могуць знаходзіцца без Торы».

Асобнай сінагогі ў Гомелі няма. Рэлігійная абшчына арандуе памяшканне ў будынку, які належыць свецкай яўрэйскай абшчыне. У гэтым будынку знаходзілася адна з 46 гомельскіх сінагог, што дзейнічалі да Кастрычніцкай рэвалюцыі і Другой сусветнай вайны. «Былі перамовы з уладамі горада, нам паабяцалі, што ў цэнтры горада выдзеляць або зямлю пад будаўніцтва, або будынак, каб яўрэйская абшчына магла існаваць. Гомель — адзіны абласны цэнтр у Беларусі, дзе няма сінагогі. Хаця ў 1920—1930‑х гадах 65% жыхароў горада складалі яўрэі», — зазначыў Жолудзеў.

Жаданне пайсці насустрач яўрэйскай абшчыне і выдзеліць або ўчастак зямлі, або будынак пацвердзіў БелаПАН упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка. «На гэты момант яшчэ няма канкрэтнага месца або будынка, але гэтае пытанне вырашаецца станоўча», — падкрэсліў упаўнаважаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?